Беларускія грэка-католікі адзначаюць 20-гадовы юбілей аднаўлення душпастырскай дзейнасці

11 сакавіка 2010 г. у мінскім касцёле Узвышэння Святога Крыжа на Кальварыі адбудзецца святая Імша і малітва падзякі з нагоды 20-годдзя аднаўлення дзейнасці Грэка-каталіцкай Царквы ў Беларусі. 20 год таму, 11 сакавіка 1990 г., мітрафорны протаіерэй Аляксандр Надсан, Апостальскі Візітатар для беларусаў замежжа і рэктар Беларускай каталіцкай місіі ў Лондане (Вялікабрытанія), цэлебраваў у адзіным у той час у Мінску касцёле на Кальварыі літургію па візантыйскім абрадзе на беларускай мове.

Гэта была першая адкрытая грэка-каталіцкая літургія ў пасляваеннай Беларусі. На набажэнства прыйшлі сотні людзей. Гэтая літургія стала момантам аднаўлення адкрытай літургічнай і душпастырскай дзейнасці Грэка-каталіцкай Царквы ў Беларусі. З таго часу беларускія грэка-католікі лічаць сваім асаблівым пакліканнем і прывілеем маліцца на роднай мове. Падчас кожнай літургіі ў храмах, капліцах і іншых месцах малітвы паўтараюцца словы: «За Богам сцеражоную краіну нашу Беларусь і ўвесь беларускі народ, за стойкасць у веры, мужнасць у выпрабаваннях і вернасць свайму народу ўсіх нас Госпаду памолімся».

«Юбілей 20-годдзя гэтай падзеі святкуецца ў перыяд Вялікага посту і таму адзначаецца ў глыбокай малітоўнай задуме. Беларускія грэка–католікі дзякуюць Пану, што Царква, якая ніколі не пераставала існаваць, атрымала магчымасць адкрыта абвяшчаць Евангелле ў роднай зямлі», — адзначыў дэкан мінскіх грэка-каталіцкіх парафій а. Яўген Усошын.

У грэка-каталіцкіх парафіях Мінска святыя Імшы з малітвай падзякі адбудуцца ў нядзелю, 14 сакавіка 2010 г.

Паводле catholic.by

Добавить комментарий