Праваслаўнае духавенства і супрацоўнікі МНС падпісалі ў Гродне пагадненне аб супрацоўніцтве

23 сакавіка 2010 г. Гродзенская і Навагрудская епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы і Гродзенскае абласное ўпраўленне Міністэрства надзвычайных сітуацый падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве. Мэта пагаднення — развіццё і ўмацаванне ўзаемадзеяння ў сферах выхавання і адукацыі, культуры і творчасці, прапагандзе духоўнасці і маральнасці ў грамадстве.

Па інфармацыі агенцтва «БелТА», пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Царквой і выратавальным ведамствам падпісана ўпершыню. Абодва бакі дамовіліся супрацоўнічаць у справе дабрачыннасці, спрыяць умацаванню сям’і, мацярынства і дзяцінства, аказваць псіхалагічную дапамогу залежным людзям, супрацьстаяць развіццю дэструктыўных, экстрэмісцкіх груповак і псеўдарэлігійных вучэнняў.

У межах пагаднення святары правядуць цыкл рэлігійна-культурных бясед сярод супрацоўнікаў падраздзяленняў МНС. Супрацоўнікі ведамства, у сваю чаргу, абавязваліся правесці неабходныя вучэнні па асновах бяспекі жыццядзейнасці сярод духавенства і выхаванцаў нядзельных школ епархій.

У сувязі з тым, што ў вобласці назіраецца напружаная сітуацыя з пажарамі, святары епархій актыўна ўключаюцца ў працу па прапагандзе бяспечных паводзінаў і папярэджанню гібелі людзей. Акрамя гэтага, духавенства і выратавальнікі дамовіліся супрацоўнічаць пры аказанні сацыяльнай, гуманітарнай, матэрыяльнай і псіхалагічнай дапамогі пацярпеўшым ў выніку надзвычайных сітуацый.

catholic.by