Паніхіда ў памяць протапрасвітара Віталія Баравога і паэтэсы Ларысы Геніюш адбудзецца ў сераду 7 красавіка ў Свята-Петра-Паўлаўскім саборы г. Мінска

Ларыса Геніюш

Паніхіда ў памяць протапрасвітара Віталія Баравога (1916-2008) і паэтэсы Ларысы Геніюш (1910-1983) адбудзецца ў сераду 7 красавіка ў 13-00 у Свята-Петра-Паўлаўскім саборы г.Мінска (вул. Ракаўская, 4).

Ужо стала традыцыйным штогадовае малітоўнае памінанне памяці гэтых славутых беларускіх дзеячаў у Свята-Петра-Паўлаўскім саборы. Абое яны спадобіліся адысці да Госпада ў святы дзень Благавешчання — дзень, які апяваецца як «пачатак нашага спасення». Таму асаблівая малітва ў гэты дзень за іх, якія, безумоўна, бачачы ў спасенні сэнс свайго асабістага жыцця, прыклалі ўсе свае намаганні дзеля таго, каб і шлях нашага народа быў шляхам да Бога, шляхам да спасення.

Асаблівасць падзеі і ў тым, што сёлета адзначаецца 100-годдзе нараджэння Ларысы Геніюш. І гэты заўпакойны малебен пакладзе пачатак шэрагу мерапрыемстваў, прысвечаных памяці нашай незабыўнай паэтэсы. Асноўныя юбілейныя ўрачыстасці адбудуцца ў дзень яе нараджэння 9 жніўня ў в. Зэльва.