Імша Вячэры Пана ў мінскай архікатэдры

1 красавіка 2010 г., у Вялікі чацвер, цэлебрацыяй святой Імшы Вячэры Пана ў паўсюдным Касцёле распачаўся Святы Пасхальны Трыдуум. Падчас гэтай літургіі, якая з’яўляецца ўспамінам Апошняй Вячэры, адбываецца абрад абмывання ног, што сімвалізуе запавет пакоры і любові, які пакінуў Езус.

Святую Імшу Вячэры Пана ў мінскай архікатэдры ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У гаміліі арцыпастыр нагадаў, што менавіта «дзякуючы святару мы можам прымаць удзел ва ўсіх сакрамэнтах і перш за ўсё ў Эўхарыстыі — сакрамэнце любові».

На заканчэнне літургіі Найсвяцейшы Сакрамэнт быў перанесены ў «цямніцу» на ўспамін прабывання Езуса ў вязніцы напярэдадні Яго мукі і смерці крыжовай.

catholic.by