350 год абраза маці Божай Кангрэгацкай у Гродна

3 жніўня ў Гродна адбылося свята – споўнілася 350 год з моманту знаходжання абраза Маці Божай Кангрэгацкай у Гродна.

За некалькі дзён да святкавання ў гродзенскіх парафіях можна было пачуць і далучыцца да малітваў вернікаў, якія трымалі чаргу, да Маці Божай, а над уваходам у катэдру былі размешчаны сцягі Ватыкана, паведамляе нам спецыяльны карэспандэнт Беларускамоўнага каталіцкага партлау «УКасцёле» у Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі, які падчас набажэнстаў апынуўся у г. Гродна, Яўгеній Дудкін.

Пачатак святкавання пачаўся раніцай з малітвы ля касцёла брыгітак, а сама святочная працэсія з вялікай колькасцю вернікаў накіравалася ў бок гродзенскай катэдры па цэнтральнай вуліцы горада. Было чуваць песні ў хвалу Пана Бога і Панны Марыі.

Прыемна было бачыць, што мясцовыя ўлады прынялі неабходныя меры дзеля забяспечэння бяспекі дарожнага руху, можна было заўважыць супрацоўнікаў МУС і аўто ДАІ.

Ля ўваходу абраз Маці Божай і вернікаў сустракалі іншыя гарадзенцы і госці горада, дзеці з балкона гроденскай катэдры ўхвалялі шлях пялёсткамі кветак – роз. У самім касцёле была прачытана лекцыя дзейнасці гродзенскага езуіцкага калегіўма і з’яўлення абраза Маці Божай Кангрэгацкай у катэдры.

Святую імшу ўзначаліў арцыбіскуп Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч, прысутнічалі біскуп Гродзенскі – Аляксандр Кашкевіч, біскуп Пінскі – Антоні Дзям’янка. Мітрапаліт Кандрусевіч распавёў пра гісторыю абраза, месца Пана Бога ў жыцці чалавека, Евангелля, падкрэсліў, што сёння беларусы жывуць у час свабоды веравызнання, калі дзверы ў дом Божы – адчынены. Але чалавек мае права на выбар. Арцыбіскуп узгадаў словы аднаго свайго знаёмага, які, на думку Арцыбіскупа, вызначыў праблему сённяшняга дня: “Мы перамаглі несвабоду, але ці пераможам мы свабоду?”. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі падрэсліў той факт, што чалавек бачыць у свабодзе свабоду ад ўсяго, нават ад Бога. Але, менавіта Езус дапамагае захоўваць чалавечае жыццё: прадухіліць алкагалізм, наркаманію, забойства іншых людзей, аброты. І Пан Бог чакае нашыя словы: “Езу, давяраю табе. Так”.

Па заканчэнні святочнай імшы, біскупы і духавенцтва разам з вернікамі памаліліся да Маці Божай Кангрэгацкай і праспявалі “Цябе Божа праслаўляем”.

Прыемна было бачыць столькі вернікаў: маці, таты і дзеці. Моладзь – наша будучыня, добрая надзея на будучыню, калі можна было заўважыць маладыя сем’і, шчырыя позіркі. Якія былі накіраваны ў бок крыжа над тубернакулем. Застаўшыся пасля імшы адзін на адзін з Богам, кожны чалавек, мне здаецца, адчуў тую моц, якою Езус падтрымлівае, суцяшае. Застаецца толькі пытанне да асабіста кожнага: “Ці гатовы мы як Марыя годна несці свой крыж, даверыць Богу свой лёс, адкрыць сэрца і адчуць Яго любоў?” Крок за вамі. Я зрабіў свой выбар: я кажу так!