Пастырскае Слова Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі на свята Раства Хрыстовага

”Разам сведчыць на роднай мове пра неабходнасць Слова Божага

ў жыцці Айчыны”

Любыя ў Госпадзе Браты і Сёстры! Паважаныя Сябры!

Вось Бог наш, і няма іншага роўнага Яму.

Ён нарадзіўся ад Дзевы і жыў сярод людзей.

(Служба Раства Хрыстовага, Трэцяя гадзіна).

1. Таямніца Ўцелаўлення Сына Божага прасвятляе Віфлеемскім святлом усё чалавецтва.  У гэты час святаў Раства Хрыстовага ў нашых храмах ды ў шматлікіх сем’ях прымаем “Віфлеемскі агонь”.

Чарговы раз – дзякуючы скаўтам – мы ў Беларусі атрымалі гэты агонь ад хрысціянаў Віфлеема. Гэта знак духоўнай Сулучнасці хрысціянаў Беларусі з хрысціянамі Святой Зямлі, аб якіх хочам асабліва памятаць у нашых малітвах у гэты святочны час.

Віфлеемскі агонь сімвалізуе Святло Віфлеемскай ночы, якое перамагае цемру духоўнага невуцтва ды разгубленасці і дапамагае нам сузіраць Нованароджанага Сына Божага — Спрадвечнае Слова, што сталася целам і пасялілася паміж намі (пар. Ян 1,14 ).

Віфлеемскі агонь – сімвал полымя веры, надзеі ды любові, што маюць карані ў Таямніцы Ўцелаўлення Ісуса Хрыста.

У гэтым кантэксце хочам узгадаць архіпастырскія словы новага Апостальскага Нунцыя ў Беларусі, Высокадастойнага Архібіскупа Клаўдыё Гуджэроцці, якія ён накіраваў да вернікаў мінскіх грэка-каталіцкіх парафіяў з нагоды свята св. Андрэя Першапакліканага:

“Хачу вам усім перадаць словы прывітання і блаславення ад Святога Айца Папы Бенядыкта XVI, а менавіта: сустрэць агонь і несці агонь. Моц агня не залежыць ад яго аб’ёму, ад велічыні полымя. Не залежыць ад велічы вогненнага слупа, але ад моцы іскраў”.

Гэтыя словы актуальныя для ўсіх грэка-католікаў Беларусі. Нашым заданнем з’яўляецца запаліць іскру веры, надзеі ды любові ад Госпада Ісуса Хрыста – Сына Божага, які стаўся чалавекам. І ў бляску гэтага полымя веры, надзеі ды любові зразумець, што нават малая іскра — вялікая сіла, здольная запаліць усе навокал.

 

2.  Дарагія Браты і Сёстры!

Новы Год Гасподні – 2012 будзе праходзіць ва ўсёй Каталіцкай Царкве, як год, у якім на Сінодзе Біскупаў у Рыме, у месяцы кастрычніку, будзе абмяркоўвацца справа Новай Евангелізацыі. А ў чэрвені ў горадзе Мілан пройдзе чарговая Сусветная Сустрэча Сем’яў. У тым жа чэрвені 2012 г. Яго Святасьць Папа Бенядыкт XVI-ты аб’весціць Год Веры.

Такім чынам Святая Царква заахвочвае нас, каб мы раз яшчэ адкрылі ў Евангеллі Ісуса Хрыста крыніцу моцы для ажыўлення нашай веры. І каб верай, угрунтаванай на Евангеллі, мы кіраваліся ў асабістым, сямейным, прафесійным ды грамадзкім жыцці.

Таму ў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царкве 2012 год будзе праходзіць пад дэвізам “Евангелізацыя – пакліканне сям’і”. Зразумела, што сям’я павінна быць ачагом, дзе захоўваецца агонь веры, надзеі ды любові.

Аднак вельмі патрэбна, каб гэтыя цноты не былі толькі прыгожымі словамі ў нашых вуснах, але каб яны праяўляліся ў нашых канкрэтных учынках. Трэба, каб мы, ахопленыя любоўю Хрыста, любілі нашых бліжніх, неслі ім агонь веры і надзеі.

 

3. Як вядома, агонь хрысціянскай веры мы ў Беларусі атрымалі больш за тысячу гадоў таму. А амаль ужо паўтысячагоддзя маем Евангелле ў перакладзе на беларускую мову. 

На самай справе да Юбілею 500-годдзя выдання Францішкам Скарынам беларускай Бібліі ў 1517 г. засталося 5 гадоў. Таму вельмі важна, каб у рамках духоўнай падрыхтоўкі да гэтага Юбілею хрысціяне Беларусі пастаянна адкрывалі багацце Слова Божага — “жывога і дзейснага” — чытаючы яго на роднай беларускай мове.

Няхай гэта будзе бачным знакам адказнай любові да духоўнай спадчыны Беларусі ды сведчаньнем нашай жывой веры ў тое, што Бог любіць нашую Бацькаўшчыну – Беларусь. Няхай Слова Евангелля ўмацоўвае нас на шляху гэтай сапраўднай любові.

Таму грэка-католікі Беларусі, з’яднаныя вакол адчыненай Кнігі Слова Божага, шчыра моляцца, каб Новы 2012 Год Гасподні быў блаславёнай нагодай сведчыць на роднай мове – разам з братамі лацінскага абраду ды з братамі праваслаўнымі і пратэстантамі – пра актуальнасць і неабходнасць Слова Божага ў жыцці нашай Айчыны.

Усім святарам, манахам, манахіням, семінарыстам, усім вернікам нашае Царквы ды ўсім нашым Сябрам жадаем міру і радасці ў сэрцы і мужнасці несці агонь веры, надзеі ды любові, што заахвочваюць нас нястомна чыніць дабро.

Сардэчна віншуем усіх вас з Раством Хрыстовым і Новым 2012 Годам Гасподнім і вітаем святочным вітаньнем:

Хрыстос нарадзіўся – Яго славім!

 

Мінск, Раство Хрыстова 2011 году.

 

+Архімандрыт СЯРГЕЙ (Гаек)

Апостальскі  Візітатар для грэка-католікаў Беларусі

svjazep.org

Добавить комментарий