Рэжысёр канцэрта “Дзень Рэфармацыі”: “Мы мусім вывучаць сваё мінулае, каб, азірнуўшыся назад, ведаць, куды ісці далей“

29 кастрычніка ў сталічным Маладзёжным тэатры эстрады пройдзе канцэрт з нагоды Дня Рэфармацыі. Гэты дзень адзначаецца ў шэрагу краінаў Еўропы і нагадвае нам пра падзеі XVI стагоддзя, калі Марцін Лютэр заклікаў зьвярнуцца да першапачатковага біблійнага погляду на Царкву, грамадства і чалавека. Пропаведзь Лютара паклала пачатак руху Рэфармацыі, які ахапіў усю Еўропу і значна паўплываў на жыццё ўсяго сьвету. Ідэі Рэфармацыі, якімі была прасякнута значная частка беларусаў ХVІ ст., сталі асновай сапраўднага росквіту і нашай краіны. Таму арганізатары канцэрту вырашылі аднавіць падзеі XVIстагоддзя ў Беларусі і запрасіць гледачоў на сапраўдны старажытны баль.

“Асноўная мэта канцэрта – увесці традыцыю святкавання Дня Рэфармацыі”, — распавядае Алёна Сітнік, галоўны рэжысёр канцэрта, — “Таксам мы жадаем падняць беларускую шляхетную культуру. Беларусы маюць цудоўную гісторыю, якая расказвае нам пра тоеснасьць народа, пра тое, хто мы такія. Мы мусім вывучаць сваё мінулае, каб, азірнуўшыся назад, ведаць, куды  ісці далей.”

“Менавіта прага ганарыцца сваім народам прывяла нас да стажытнай музыкі”, — дзеліцца з намі Зьміцер Сасноўскі, лідар гурта “Стары Ольса,- “Нажаль, прыкмет вялікасці нашмат болей у мінулым, чым у сучаснасьці. Мінулае паказвае, на што мы здольныя, калі жывем у сваёй дзяржаве і маем за яе адказнасьць. Наш гурт займаецца рэканструкцыяй музычных традыцый Вялікага Княства Літоўскага. У Вялікім Княстве быў створаны ўнікальны сінтэз беларускай народнай і прыдворнай музыкі з еўрапейскімі музычнымі дасягненнямі. Мы маем вялікую спадчыну, якую варта цаніць і папулірызаваць.”

Аўтар кнігі “Залаты Век Беларусі” Станіслаў Акіньчыц распавёў нам, чым было адметна для Беларусі XVI стагоддзе, якое ўвайшло ў гісторыю як Залаты Век нашай краіны: “Час найбольшага духоўнага абуджэння краіны – гэта заўсёды час росквіту ў культуры, эканоміцы, палітыцы.Вялікае Княства Літоўскае, як і шмат якія еўрапейскія краіны, актыўна ўключылася ў рух Рэфармацыі. Аб ахвярнасці і велізарнай пасвячонасці беларускіх рэфарматараў сведчаць іх справы. Яны будавалі зборы, адчынялі школы, засноўвалі друкарні. Дзякуючы іх намаганням перакладалася Біблія, друкаваліся кнігі, падручнікі, катэхізісы. Біблійны падыход да працы стаў прычынай эканамічнага ўздыму Беларусі ў XVI стагоддзі.

Канцэрт мае назву “Баль у Радзівіла”. На пытаньне “Чаму?” адказала Алёна Сітнік:

— Канцэрт будзе праходзіць у стылі старажытнага баля, на які нас запрашае Мікалай Радзівіл Руды са сваёй жонкай Кацярынай. Гледачы пабачаць старажытныя танцы, пасьля да дзеяньня далучыцца гурт старажытнай музыкі “Стары Ольса”. Ўсё дзеяньне будзе ў форме баля, гэта не рэканструкцыя, але мы пастараемся акунуць гледачоў у атмасферу XVI стагоддзя. Гасьцямі баля будзе брат Мікалая Радзівіла Рудога Мікалай Радзівіл Чорны, вялікі канцлер, са сваёй жонкай Альжбэтай, Астафей Валовіч, падканцлер, Ян Геранім Хаткевіч, вялікі маршалак і іншыя прадстаўнікі шляхты Вялікага Княства”.

Нагадаем, што канцэрт пройдзе ў Маладзёжным тэатры эстрады па адрасе г. Мінск, вул. Маскоўская 18 а. Пачатак у 19:00.

Гутарыла Надзея ГАРЭЦКАЯ

Добавить комментарий