У мінскім Чырвоным касцёле адбылася прэзентацыя новай кнігі вершаў Рыгора Барадуліна

25 кастрычніка 2010 г. у мінскім касцёле св. Сымона і св. Алены (Чырвоны касцёл) адбылася прэзентацыя новай кнігі вершаў народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна «Халодная памяць вады». У мерапарыемстве прыняў удзел дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоні Дзям’янка.

У апошняе ілюстраванае літаратурна-мастацкае выданне, як паведамляе інфармацыйнае агенцтва БелаПАН, увайшлі новыя вершы славутага паэта, напісаныя ў пачатку XXI стагоддзя. Зборнік убачыў свет напярэдадні 75-годдзя аўтара, якое адзначалася 24 лютага.

Па словах паэта Генадзя Бураўкіна, першыя зборнікі Рыгора Барадуліна «перапоўнены зямнымі рэаліямі і пачуццямі, але з цягам часу паэт становіцца духоўна багатым, духоўна строгім і духоўна адданым».

Падчас прэзентацыі была выказана ўдзячнасць пробашчу кс. Уладзіславу Завальнюку і складальніку і рэдактару зборніка Але Сакалоўскай за выданне «дзевяцікніжжа» Барадуліна, канцэптуальным цэнтрам якога з’яўляецца кніга духоўнай паэзіі «Ксты».

У сваю чаргу, біскуп Антоні Дзям’янка адзначыў, што Рыгор Барадулін ў сваёй кнізе ўздымае такія тэмы, як хрысціянская духоўнасць, адносіны да чалавека і прыроднага асяроддзя, а таксама да Айчыны і яе гісторыка-культурнай спадчыны.

Барадулін выказаў удзячнасць усім, хто прычыніўся да выдання кніг і да арганізацыі прэзентацыі, і прачытаў свой верш «Касцёл».

catholic.by