Чэхія: Касцёл і дзяржава дамовіліся аб рэстытуцыі касцёльнай маёмасці

Прадстаўнікі Каталіцкага Касцёла Чэхіі 11 жніўня пагадзіліся з прапановай урада рэспублікі на чале з Пятром Нечасам аб вяртанні Касцёлу маёмасці, канфіскаванай у камуністычныя часы, і выплаце кампенсацыі за яе. Чэшскае дзяржава зверне зямельныя ўчасткі, лясы і нерухомасць на агульную суму 75 млрд. крон (каля 3 млрд. еўра), паведаміў пражскі арцыбіскуп Дамінік Дука. За маёмасць, якая не падлягае вяртанню, будзе выплачана кампенсацыя ў памеры 59 млрд. крон (2,4 млрд. еўра). Яна будзе выплачвацца на працягу 30 гадоў.

Спрэчным пунктам застаецца працягласць пераходнага перыяду, на працягу якога будзе вяртацца маёмасць і адначасова выплачвацца дзяржаўныя датацыі. Закон можа пачаць дзейнічаць з 2013 г. У сярэдзіне верасня ўрад атрымае поўны спіс касцёльнай маёмасцi, якая падлягае рэстытуцыі.

Ці магчыма рэстытуцыя ў Беларусі? Якія наступствы гэта пацягне? Ці патрэбная гэтая маёмасць беларускім Касцёлу і Царкве, каб весці эфектыўную пропаведзь Евангелля?

Пытанняў шмат, але ў адным можна быць упэўненым – у бліжэйшы час, негледзячы на заахвочанасць прадстаўнікоў усіх веравызнанняў у рэстытуцыі, такое рашэнне ў Беларусі наўрад ці будзе прынята. Прычынай таму – цяжкасці ў нацыянальнай эканоміцы, а таксама праблемы з вызначэннем гістарычнага ўласніка маёмасці. Напрыклад, у выпадку, калі будынак касцёла быў пабудаваны каталікамі, а ў сярэдзіне XIX ст. у выніку вядомых падзеяў перададзены праваслаўным, а затым на пачатку XX ст. канфіскаваны савецкай уладай, а пасля Айчынай вайны адрэстаўраваны за дзяржаўныя грошы (як у выпадку касцёла ў Раўбічах) – то каму ен павінны вяртацца? У любым выпадку, прыняццю такога рашэння ў Беларусі павінна папярэднічаць старанная і карпатлівая праца з удзелам прадстаўнікоў усіх зацікаўленых канфесій.

Антось Варанецкі
radiovaticana.org