Прывітальнае слова арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча падчас адкрыцця XVI Міжнародных Кірыла-Мяфодзьеўскіх чытанняў

Ваша Эксцэленцыя, глыбокапаважаны Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі! Вашы Эксцэленцыі, браты ў святарстве, прадстаўнікі свету навукі, культуры, адукацыі, браты і сёстры!

Ад усяго сэрца вітаю вас, сабраных у гасцінным будынку Інстытута тэалогіі Беларускага дзяржаўнага універсітэта на адкрыцці XVI Міжнародных Кірыла-Мяфодзьеўскіх чытанняў. Сваё прывітанне дасылаю з сонечнага Вечнага горада — Рыма, дзе ўдзельнічаю ў Пленарным пасяджэнні Канферэнцыі Біскупаў Італіі.

Традыцыйныя Кірыла-Мяфодзьеўскія чытанні кожны год збіраюць удзельнікаў з розных краін свету і становяцца ўсё больш і больш папулярнымі. Яны прысвячаюцца найбольш актуальным праблемам сучаснасці. Аб гэтым нагадвае і сёлетняя тэма: «Рэлігійная культура ў кантэксце свецкай адукацыі».

Яшчэ зусім нядаўна цяжка было ўявіць, што мы будзем весці дыскусіі на тэму прысутнасці рэлігійнага кампанента ў сістэме свецкай адукацыі. Аднак гэта становіцца рэальнасцю і выклікам сучаснасці. Для гарманічнага развіцця чалавека патрэбна не толькі яго фізічнае, інтэлектуальнае, культурнае развіццё, але і духоўнае. Сусветная практыка прысутнасці рэлігійнай культуры ў свецкай школе паказвае, што адно аднаму не супярэчыць, а толькі дапаўняе. Агульначалавечае і духоўнае выхаванне цесна звязана адно з адным, хоць, з іншага боку, іх нельга змешваць.

Другі Ватыканскі Сабор у Дэкларацыі пра хрысціянскае выхаванне «Gravissimium educationis» навучае, што маладыя людзі, маючы годнасць чалавечай асобы, маюць права на тое, каб іх падтрымлівалі ў правільнай ацэнцы маральных каштоўнасцяў і заахвочвалі да іх прыняцця (пар. Gravissimium educationis 1).

Некаторыя сучасныя палітычныя лідэры таксама вельмі пазітыўна ставяцца да рэлігійнай культуры. Так, напрыклад, Прэзідэнт такой свецкай краіны, як Францыя, Нікаля Сарказі, у лютым 2007 г., заклікаючы да «пазітыўнай свецкасці», якая павінна прызнаваць рэлігію за карысны элемент грамадства, сказаў, што народ, які пагарджае этычнай, рэлігійнай і духоўнай спадчынай, чыніць злачынства (пар. http://www.kulturaswiecka.pl/node/52).

Як папа Ян Павел II, так і сёняшні Пантыфік Бэнэдыкт XVI не аднойчы адзначалі неабходнасць рэлігійнага выхавання ў свецкіх абставінах. Так, папа Вайтыла ў лютым 2005 г. пісаў да французскіх біскупаў, што добра зразумелы прынцып свецкасці належыць да сацыяльнага навучання Касцёла і нагадвае аб справядлівым падзеле ўлады: аддаць Богу Богава, а кесару — кесарава. Неканфесійнасць жа дзяржавы дазваляе кожнаму кампаненту грамадства служыць дабру ўсіх людзей (пар. http://www.kulturaswiecka.pl/node/52).

Падчас візіту ў Злучаныя Штаты Амерыкі Бэнэдыкт XVI у 2008 г. сказаў, што перадача рэлігійных традыцый новым пакаленням не толькі дапамагае захаваць спадчыну, але таксама падтрымлівае і ажыўляе сучасную культуру (пар. http://www.ultramontes.pl/vaillancourt_b16_w_ameryce.htm).

Каментуючы нашумеўшы тэлесерыял «Школа», які прадставіў рэальнасць, у якой жывуць дзеці і моладзь, Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл нагадаў, што выйсце з маральнага і духоўнага крызісу знаходзіцца ў выкладанні асноў духоўнай культуры (пар. http://kp.by/daily/24476/634447/).

Усе гэтыя і многія іншыя выказванні гавораць пра вострую неабходнасць сур’ёзнага падыходу да рэлігійнай адукацыі сучаснай моладзі.

Выказваю надзею, што XVI Кірыла-Мяфодзьеўскія чытанні, якія сёння распачынаюцца, дапамогуць нашаму грамадству адэкватна падыйсці да вырашэння азначанай праблемы.

Дзякую за ўвагу.