Запрашаем у Баравікоўшчыну ва ўспамін благаслаўлёных мучанікаў

На ўскраіне Налібоцкай пушчы, у вёсцы Баравікоўшчына (паміж Івянцом і Пяршаямі), дзе ў час вайны благаслаўлёныя а. Герман Стэмпеня і а.Ахілес Пухала аддалі сваё жыццё за паству, 18 ліпеня 2010 г. у 12.00 адбуддзецца ўрачыстая святая Імша, якую будзе цэлебраваць дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоні Дзям’янка.

19 ліпеня 1943 г. немцы вырашылі адпомсціць жыхарам в. Пяршаі за дапамогу партызанам і павыганялі каля 200 жыхароў з дамоў на вуліцу: жанчын — у адзін хлеў, мужчын — у другі, з намерам спаліць жыўцом. Да групы мужчынаў далучылі айцоў Ахілеса і Германа, якія паблагаславілі кабетаў па іх просьбе. За дзень да гэтага камендант паліцыі, які жыў на плябаніі і быў католікам, папярэдзіў святароў, каб тыя схаваліся, але яны адказалі, што не могуць пакінуць сваю паству: «Дзе авечкі, там і пастыр». Каля сотні мужчынаў, у тым ліку святароў, пагналі ў вёску Баравікоўшчына, дзе святароў павялі ў камендатуру, а потым забілі на ўскрайку вёскі ў адрыне, якую яшчэ і падпалілі. Ёсць сведчанні таго, што перад смерцю святары вельмі пакутавалі.

За сваю веру і адданнасць айцы былі беатыфікаваы 13 чэрвеня 1999 г. 16 верасня 2000 г. была праведзена эксгумацыя астанкаў благаслаўлёных а. Ахілеса і а. Германа, а 23 верасня таго ж года адбылося ўрачыстае перанясенне іх рэліквій у касцёл, дзе яны занялі пачэснае месца ў бакавым алтары святыні. Рашэннем кардынала Казіміра Свёнтка, тагачаснага Мітрапаліта Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, касцёлу св. Юрыя ў Пяршаях быў нададзены статус санктуарыя благаслаўлёных мучанікаў з ордэна францішканаў а. Ахілеса Пухалы і а. Германа Стэмпеня.

З навакольных мясцовасцяў, у якіх душпастырскую паслугу нясуць браты францішкане, арганізоўваюцца пешыя пілігрымкі. Пілігрымка з Пяршаяў выходзіць 18 ліпеня ў 9.00, з Івянца — 18 ліпеня ў 10.00.

catholic.by