Вялікі канцэрт у гонар Спаслання Духа Святога прайшоў у Пінску (фоторепортаж)

У Пінскай семінарыі прайшоў канцэрт у гонар Спаслання Духа Святога. Гурт "Подых Духа".

У Пінску сёлета ўрачыстасць Спаслання Духа Святога праходзіла незвычайным чынам. 22 мая 2010 г., у вігілію ўрачыстасці, а 19-й гадзіне на тэрыторыі Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску адбыўся канцэрт хрысціянскіх музычных гуртоў. Распачаў канцэрт гурт «Мараната» з Брэста. На святкаванне Пяцідзесятніцы прыбыла моладзь з розных мясцовасцяў Пінскай дыяцэзіі і Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Апрача таго, на канцэрт з радасцю прыходзіла моладзь з самога Пінска.

Пасля выступлення гасцей з Брэста семінарыйны гурт «Подых Духа» здзейсніў прэзентацыю свайго першага музычнага альбома пад назвай «Я выбіраю Хрыста». Адразу ж на канцэрце можна было набыць дыск, а таксама майку з лагатыпамі гурта і семінарыі. Удзельнікі семінарыйнага гурта падзякавалі кардыналу Казіміру Свёнтку за падараваную ім музычную апаратуру і заахвоцілі ўсіх прысутных падтрымаць іерарха сваімі малітвамі аб яго хутчэйшым выздараўленні. Падчас канцэрту жыхары Пінска неаднаразова выказваліся аб тым, што гэты суботні вечар дапамог ім пазнаёміцца з некаторымі момантамі семінарыйнага жыцця. Семінарыя хоць і знаходзіцца ў цэнтры горада, аднак для многіх яго жыхароў да гэтага часу заставалася таямніцай.

Паміж выступленнямі гуртоў семінарыйны тэатр паказаў пантаміму, якая стала заахвочваннем да таго, каб не забываць, што Бог павінен займаць першае месца ў жыцці кожнага чалавека.

Апоўначы ў пінскай катэдры адбылася святая Імша, якую ўзначаліў рэктар семінарыі кс. Ян Саламон. Гамілію прамовіў пракуратар навучальнай установы кс. Эдуард Мігай. Пасля Імшы да самай раніцы ў катэдры працягвалася начное чуванне.

catholic.by