Вернікі Кунцаўшчыны і Масюкоўшчыны адзначалі Пальмовую нядзелю ў новапабудаванай капліцы

Вернікі Кунцаўшчыны і Масюкоўшчыны адзначалі Пальмовую нядзелю ў новапабудаванай капліцы

Пальмоваю нядзеляй 2010 года распачаўся новы этап у гісторыі мінскай парафіі Святога Яна Евангеліста і святога Максімільяна Кольбэ. 28 сакавіка, у Нядзелю Мукі Пана, урачыстыя набажэнствы для вернікаў парафіі адбываліся ў новапабудаванай капліцы.

Па словах пробашча парафіі а. Аляксандра Пісарука OFMConv, гэтая часовая капліца стане «сэрцам духоўнага жыцця» мінскага мікарараёна, які працягвае разбудоўвацца і засяляцца пераважна маладымі сем’ямі. Як адзначаюць самі вернікі, наяўнасць месца малітвы непасрэдна ў месцы жыхарства таксама дазволіць ім, не затрачваючы часу на дарогу, часцей бываць на набажэнствах і прымаць больш актыўны ўдзел у жыцці парафіі.

Айцец Аляксандр Пісарук OFMConv і а. Аляксандр Улас OFMConv шчыра падзякавалі вернікам і ўсім людзям добрай волі, якія малітвай або іншай дапамогай спрыялі ўзвядзенню капліцы. Вядома, новы храм — гэта не толькі будаўнічыя працы, але і шмат іншых пытанняў, якія вырашаліся паступова і з Божай дапамогай. Святары выказалі падзяку і пробашчу парафіі Маці Божай Будслаўскай (Каменная Горка), дзе з 2007 года праходзілі набажэнствы для вернікаў з Кунцаўшчыны і Масюкоўшчыны.

catholic.by