Вандалы пашкодзілі помнік Яну Паўлу ІІ ў Віцебску

У Віцебску ў ноч з 28 на 29 чэрвеня невядомыя пашкодзілі помнік папу рымскаму Яну Паўлу ІІ, усталяваны ў двары касцёла Езуса Міласэрднага на вуліцы Воінаў Інтэрнацыяналістаў.

Са слоў сведкаў, двое маладых людзей пералезлі праз плот на тэрыторыю касцёла. Яны адламалі у скульптуры посах, пашкодзіўшы пры гэтым кісць правай рукі, а таксама адбілі некалькі кавалкаў скульптуры. Акрамя гэтага, на двор з-за плота была перакінутая металічная шметніца.

4,5-метровы помнік ўсталявалі ў 2008 годзе з нагоды 30-годдзя абрання Яна Паўла ІІ папам. Як паведамілі ў касцёле, у той жа год адбыўся першы выпадак вандалізма — тады таксама выламалі посах.

Народныя навіны Віцебка