Ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога — Першая святая Камунія ў Лошыцы

23 мая 2010 г., ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога, у парафіі Маці Божай Ружанцовай у мінскім мікрараёне Лошыца адбылася Першая святая Камунія. Парафіяльная супольнасць у Лошыцы яшчэ толькі паўстае, і сёлета да Першай святой Камуніі прыступілі ўсяго пяцёра дзяцей. Але пяццю хлябамі Езус накарміў вялікую колькасць людзей у пустыні, як нагадаў падчас гаміліі пробашч парафіі кс. Генадзь Кухарэвіч CSMA, пажадаўшы гэтым пецярым дзецям быць духоўным хлебам для многіх людзей у свеце.

Першакамунійная ўрачыстасць у парафіі Маці Божай Ружанцовай адбылася перад яшчэ адным парафіяльным святам. У суботу, 5 чэрвеня 2010 г., адбудзецца асвячэнне новапабудаванай капліцы. На працягу шасці гадоў вернікі маліліся ў арэндаванай зале мясцовага ЖЭСа, яшчэ раней святая Імша цэлебравалася ў прыватных кватэрах. Ксёндз Генадзь Кухарэвіч CSMA з асаблівай радасцю паведаміў, што наступнае свята адбудзецца ўжо ў парафіяльнай капліцы, і запрасіў усіх прысутных прыняць удзел у яе ўрачыстым асвячэнні.

Святая Імша распачнецца а 12-й гадзіне па адрасе Ігуменскі тракт, 26. Урачыстае асвячэнне капліцы правядзе Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

catholic.by