У Слоніме адбудзецца святкаванне 280-годдзя каранацыі іконы Маці Божай Жыровіцкай

19 верасня 2010 г. у касцёле св. Андрэя ў Cлоніме адбудзецца малітоўны ўспамін каранацыі іконы Маці Божай Жыровіцкай, што адбылася 280 год таму. Урачыстыя набажэнствы ўзначаліць Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Марцін Відавіч.

Варта адзначыць, што гэта была першая каранацыя папскімі каронамі абраза Маці Божай, што адбылася на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

На працягу стагоддзяў перад гэтай іконай маліліся грэка-католікі (уніяты), рыма-католікі, праваслаўныя. Пілігрымы прыбывалі і прыбываюць з розных рэгіёнаў Беларусі, Польшчы, Літвы, Украіны, Расіі.

У святочных набажэнствах прымуць удзел каталіцкія біскупы Беларусі, духавенства і вернікі лацінскага і візантыйскага aбрадаў.

Праграма ўрачыстасці:
10.00 — Акафіст у гонар жыровіцкай іконы Багародзіцы (хор «Прасфара, Мінск)
11.00 — Боская літургія ў візантыйскім абрадзе
12.30 — урачыстая працэсія з іконай Багародзіцы
13.00 — святочны пачастунак для гасцей і пілігрымаў.

catholic.by