У Палачанах адбылося выстаўленне копіі Турынскай Плашчаніцы

У парафіі Святога Роха ў Палачанах (Маладзечанскі дэканат) 8–13 мая 2010 г. знаходзілася копія Турынскай Плашчаніцы, прывезеная з касцёла св. Сымона і св. Алены ў Мінску (Чырвоны касцёл). На распачацце малітоўнай акцыі 8 мая дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоні Дзям’янка цэлебраваў святую Імшу.

Галоўная мэта акцыі пад назвай «Турынская Плашчаніца — нямая сведка Хрыстовага ўваскрасення» заключалася ў тым, каб у велікодны перыяд, калі ўвесь Касцёл узгадвае вялікую справу збаўлення чалавецтва, яшчэ больш засяродзіцца на таямніцы Божага ўваскрасення і задумацца аб уласнай будучыні — вечнасці.

На працягу пяці дзён палачанская святыня была адчынена і прымала не толькі мясцовых парафіянаў, але таксама вернікаў з навакольных парафій і прадстаўнікоў праваслаўнага веравызнання.

13 мая копія Турынскай Плашчаніцы была перавезена з Палачанаў у парафію Святога Юзафа ў Маладзечне.

Варта адзначыць, што 10 красавіка гг. — упершыню ў гэтым тысячагоддзі — у Турыне для ўшанавання была выстаўлена Турынская Плашчаніца. Пілігрымы могуць наведваць італьянскую святыню, каб ушанаваць рэліквію, яшчэ да 23 мая.

catholic.by