У Мядзелі асвечаны прыдарожны крыж

Крыж

12 красавіка 2010 г. вернікі і госці парафіі Маці Божай Шкаплернай у Мядзелі (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Будслаўскі дэканат) перажывалі доўгачаканую падзею — асвячэнне прыдарожнага крыжа. Каталіцкі крыж у Мядзелі быў нанава ўсталяваны ў сёлетнюю Вялікую пятніцу на ўездзе ў горад з боку Нарачы пасля 65 гадоў яго адсутнасці.

З гэтай нагоды ў мядзельскім касцёле адбылася ўрачыстая Эўхарыстыя, якую ўзначаліў а. Альберт Вах OCD, прадстаўнік айца генерала кармэлітаў босых з Рыма. Ва ўрачыстасці прыняў удзел таксама дэкан Будслаўскага дэканату кс. Багуслаў Маджэеўскі, святары і кансэкраваныя асобы з усіх кармэліцкіх супольнасцяў Беларусі — з Мінска, Гудагая, Мядзела, Нарачы, Канстанцінава і Пінска, сёстры з Кангрэгацыі Дачок Беззаганнай Марыі са Свіры, шматлікія вернікі і госці мядзельскай парафіі. У гаміліі а. Альберт Вах засяродзіў увагу на неабходнасці штодзень нанава нараджацца з граху да святасці і адкрывацца на дзеянне Духа Святога, каб адчуць у сабе Божую любоў, што выліваецца з крыжа Хрыста. Святар падкрэсліў неабходнасць аднаўлення ў сабе першаснай вернасці і руплівасці, якія выплываюць з любові і малітвы, бо толькі такім чынам вернікі могуць будаваць супольнасць Касцёла там, дзе жывуць, працуюць і адпачываюць.

Наступная частка ўрачыстасці адбылася каля прыдарожнага крыжа, які асвяціў а. Альберт Вах. У гэты час вернікі звярталіся да Бога з гарачай малітвай за ўсіх жыхароў Мядзела, а таксама за ўсіх тых, хто будзе праходзіць або праязджаць тут, каб, углядаючыся ў знак збаўлення чалавецтва, аднаўлялі ў сабе веру ў Таго, хто з любові да чалавека аддаў жыццё, каб кожны, хто верыць у Яго, не памёр, але меў жыццё вечнае. Пробашч парафіі а. Павел Ляліта OCD заахвоціў вернікаў збірацца на малітве каля крыжа і тым самым даваць сведчанне сваёй веры, рэалізуючы тым самым асноўнае заданне кожнага хрысціяніна. На заканчэнне ўрачыстасці прадстаўнік айца генерала кармэлітаў босых удзяліў вернікам Божае благаслаўленне, пасля чаго прагучаў гімн «Магутны Божа» ў выкананні ўсіх прысутных.

catholic.by