У Мінску прайшла прэс-канферэнцыя Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча з журналістамі

Пресс-конференция Митрополита Тадэуша Кондрусевича

24 сакавіка 2010 г. у Мітрапалітальнай курыі ў Мінску адбылася прэс-канферэнцыя Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з прадстаўнікамі СМІ. Тэмай сустрэчы стала святкаванне будучых велікодных урачыстасцяў, мерапрыемствы, запланаваныя ў Каталіцкім Касцёле ў Беларусі на бягучы год, узаемаадносіны паміж Касцёлам і дзяржавай у нашай краіне.

У прывітальным слове, звернутым да прадстаўнікоў прэсы, Мітрапаліт Кандрусевіч адзначыў, што падобныя сустрэчы сталі ўжо традыцыйнымі і з’яўляюцца важнымі для грамадства. Разважаючы на тэму ўрачыстасці Вялікадня, якая адбудзецца ў хуткім часе, арцыпастыр звярнуў увагу таксама на сэнс перыяду Вялікага посту, прысвечанага разважанням над Евангеллем, роздумам аб моцы Пана і навяртанні чалавека. Мітрапаліт нагадаў аб рэкалекцыях, якія праводзяцца ў гэты час у касцёлах і спрыяюць навяртанню чалавека да Бога.

Іерарх узгадаў таксама аб малітоўным чуванні моладзі, якое праходзіла ў мінскім архікатэдральным касцёле ў ноч з 21 на 22 сакавіка. Мітрапаліт асабліва падкрэсліў актыўнасць маладых беларускіх католікаў. У малітоўным чуванні прынялі ўдзел каля 400 чалавек, а найбольш уражваючай падзеяй, па словах арцыбіскупа Кандрусевіча, стала незвычайная працэсія з дарамі, падчас якой моладзь прынесла да алтара надзвычай адметныя дары — бінт як сімвал таго, што Хрыстус вылечыў свет ад грахоў, і цішыню як спосаб увайсці ў еднасць з Панам.

Мітрапаліт нагадаў і аб набажэнствах, якія будуць праводзіцца непасрэдна перад Вялікаднем. Іерарх запрасіў усіх жадаючых прыняць удзел у інсцэніраваным Крыжовым шляху, які адбудзецца 26 сакавіка на Кальварыйскіх могілках у Мінску, а таксама ў набажэнствах Пальмовай нядзелі. Арцыпастыр распавёў таксама аб сэнсе святой Імшы Вячэры Пана ў Вялікі чацвер, падчас якой адбываецца цырымонія абмывання ног, якую праводзіць біскуп, і расказаў аб сэнсе гэтай цырымоніі. Акрамя гэтага, Мітрапаліт Кандрусевіч запрасіў усіх прыняць удзел у галоўным набажэнстве, якое адбудзецца вечарам ў Вялікую суботу і будзе транслявацца па тэлебачанні, нагадаўшы, як важна ўсім разам быць сведкамі Хрыста і імкнуцца да адзінства.

Беларускі арцыпастыр паінфармаваў журналістаў таксама аб іншых падзеях, запланаваных Касцёлам у Беларусі на гэты год. Мітрапаліт нагадаў аб пілігрымцы святароў і вернікаў у Святую Зямлю, якая адбудзецца з 15 па 22 красавіка. Як адзначыў іерарх, гэтая падзея прымеркавана да Года святарства, і сакрамэнт святарства быў устаноўлены менавіта ў Святой Зямлі.

Наступнай вялікай падзеяй для Касцёла ў Беларусі, як адзначыў Мітрапаліт, з’яўляецца 300-гадовы юбілей кансэкрацыі мінскай катэдры. Іерарх нагадаў аб багатай і драматычнай гісторыі Мінскай дыяцэзіі, гісторыі вяртання касцёла, які пэўны час выконваў функцыі спартыўнай залы, вернікам. «Сёння гэта таксама зала, але зала духоўнага спорту», — сцвердзіў у сувязі з гэтым Мітрапаліт Кандрусевіч.

Арцыбіскуп Кандрусевіч паінфармаваў таксама аб іншых запланаваных мерапрыемствах, сярод якіх урачыстасць у Будславе, традыцыйная сустрэча моладзі, якая адбудзецца з 30 ліпеня па 1 жніўня, і фестываль рэлігійных фільмаў «Magnificat», які стаў ужо культурнай традыцыяй і сёлета распачнецца 7 верасня ў Мінску, а затым перанясецца ў Глыбокае.

Мітрапаліт расказаў таксама аб пагадненні паміж Беларуссю і Мальтыйскім Ордэнам, якое было падпісана ў Ватыкане, і аб сустрэчах з прадстаўнікамі дзяржаўнай улады нашай краіны, прысвечаных справе духоўнага адраджэння. У гэтым кантэксце іерарх адзначыў асаблівую важнасць духоўнага выхавання чалавека ў наш час і неабходнасць захоўваць у нашай краіне духоўную спадчыну.

Мітрапаліт Кандрусевіч закрануў таксама праблему бернардынскага комплексу ў цэнтры Мінска, які плануецца ператварыць у гасцінічны комплекс. Іерарх падкрэсліў небяспеку таго, што можа знікнуць духоўная каштоўнасць, якую не атрымаюць у спадчыну новыя пакаленні. Мітрапаліт выказаў занепакоенасць у сувязі з тым, што ў цэнтры нашай сталіцы адбываецца прафанацыя святых месцаў.

Журналісты атрымалі магчымасць задаць Мітрапаліту Кандрусевічу свае пытанні. Напрыканцы сустрэчы арцыпастыр шчыра павіншаваў усіх прысутных з надыходзячым вялікім святам. Прэс-канферэнцыя завяршылася пачастункам для ўсіх удзельнікаў сустрэчы.

Анастасія Грышан

catholic.by