У Лошыцы адбылося асвячэнне новапабудаванай капліцы

5 мая 2010 г. у сталіцы Беларусі адбылося асвячэнне восьмага месца Божага культу. Гэта ўрачыстасць, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, адбылася ў мінскім мікрараёне Лошыца. У гэты ж дзень з рук іерарха мясцовыя парафіяне атрымалі сакрамэнт канфірмацыі.

У гаміліі арцыпастыр нагадаў, што Касцёл з’яўляецца «сакрамэнтам паўсюднага збаўлення». «Касцёл цэлебруе Эўхарыстыю, і ў той жа час Эўхарыстыя будуе Касцёл, жывымі камянямі якога з’яўляемся мы. У Эўхарыстыі Езус Хрыстус корміць нас сваім Целам і, дзякуючы Эўхарыстыі, перамяняе нас, каб мы, змененыя, рабілі свет лепшым. Свет будзе такім, якімі будзем мы», — падкрэсліў іерарх.

Мітрапаліт, звяртаючыся да кандыдатаў да сакрамэнту канфірмацыі, заклікаў іх быць адкрытымі на дзеянне Духа Святога, каб, жывучы ў сучасным свеце, «мець сілы плыць таксама супраць яго цячэння», а значыць быць вернымі свайму хрысціянскаму пакліканню.

У будучым на гэтым месцы плануецца ўзвесці санктуарый Божай міласэрнасці. З гэтай нагоды Мітрапаліт перадаў айцам міхалітам абраз Езуса Міласэрнага, перэгрынацыя якога адбывалася ў мінулым годзе па парафіях Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Ужо напачатку святой Імшы гэты абраз, а таксама абраз благаслаўлёнага кс. Міхала Сапоцькі былі змешчаны ў галоўным алтары новапабудаванай святыні.

Пасля набажэнства каля капліцы былі пасаджаны восем трэўцаў як сімвал таго, што лошыцкая святыня стала восьмым месцам малітвы католікаў ў Мінску.

catholic.by