У Гродзенскай дыяцэзіі распачаўся юбілейны год

13 красавіка 1991 г., 19 год таму, распачалася гісторыя Гродзенскай дыяцэзіі. У гэты дзень Святы Айцец Ян Павел ІІ прызначыў ардынарыем Гродзенскай дыяцэзіі біскупа Аляксандра Кашкевіча. Паводле папскай булы, галоўны намер Пантыфіка пры стварэнні дыяцэзіі як тэрытарыяльнай адзінкі Касцёла заключаўся ў жаданні аднавіць рэлігійнае жыццё вернікаў Каталіцкага Касцёла, якое на працягу некалькіх дзесяткаў гадоў знішчалася і занядбоўвалася.

Пасля ўтварэння дыяцэзіі перад духавенствам і вернікамі ўзніклі новыя задачы: аднаўленне парафіяльных касцёлаў, дэканатаў, біскупскай курыі, Вышэйшай духоўнай семінарыі, дабрачыннай арганізацыі «Caritas», біскупскага суда, дыяцэзіяльнага выдавецтва, а таксама іншых арганізацый, неабходных для нармалізацыі функцыянавання дыяцэзіі.

Касцёл у Беларусі зведаў нямала цярпенняў у часы Другой сусветнай вайны і ў гады камунізму. Гродзенская зямля была заліта крывёю мучанікаў. Шмат людзей аддалі сваё жыццё за веру. «Святыя не прамінаюць. Святыя жывуць у святасці і прагнуць святасці», — гэтыя словы, прамоўленыя Святым Айцом Янам Паўлам ІІ у чэрвені 1999 г. у Старым-Сончы, могуць быць прамоўлены і на гродзенскай зямлі, благаслаўлёнай жыццём і працай святых мучанікаў. У часы Другой сусветнай вайны на гэтай тэрыторыі было нямала сведкаў веры, якія аддалі сваё жыццё за Хрыста. Гродзенская дыяцэзія мае сваіх благаслаўлёных гэтага перыяду. У ліку 108 мучанікаў з часоў Другой сусветнай аказаліся Марыянна Бернацка, с. Марта з Кангрэгацыі Дачок Беззаганнай Марыі (Казіміра Валоўская), с. Эва з Кангрэгацыі Дачок Беззаганнай Марыі (Багуміла Наішэўская) і кс. Хенрык Глябовіч. У чэрвені гг. будзем адзначаць 11-ю гадавіну з дня іх ўзнесення да хвалы алтароў.

Касцёл на Гродзеншчыне мае і сваіх заступнікаў у небе. Імі з’яўляюцца сёстры назарэтанкі з Навагрудка, якія 1 жніўня 1943 г. зведалі мучаніцкую смерць ад рук нямецкіх захопнікаў. Беатыфікацыя сясцёр, што адбылася 5 сакавіка 2000 г. у Рыме, з’яўляецца для вернікаў нашай зямлі прыкладам вытрывання ў вернасці Крыжу, Евангеллю і Апостальскай Сталіцы.

З гэтай крывавай ахвяры Касцёл гродзенскай зямлі чэрпае сёння сваю духоўную моц. Нельга забываць імёны тых, якія далі сведчанне. Для Касцёла ў Беларусі, які сёння ўздымаецца з духоўных руін, мучанікі былі і застаюцца ўказальнікамі хрысціянскага жыцця. Вельмі радуе тое, што ў Гродзенскай дыяцэзіі ўзнікаюць новыя парафіі, будуюцца новыя касцёлы і капліцы, якіх, аднак, усё ж такі недастаткова.

Разліваецца спеў званоў, запрашаючы ў святыні, перапоўненыя вернікамі. Людзі імкнуцца наблізіцца да Хрыста. У Касцёле на Гродзеншчыне шмат моладзі, якая з’яўляецца будучыняй нашага Касцёла і народа. Маладыя людзі з вялікай ахвотай прымаюць удзел у жыцці дыяцэзіі, у пешых пілігрымках, напрыклад, у санктуарый у Тракелях, а таксама ў Рось і Капцёўку.

На гродзенскай зямлі вялікая пашана аддаецца Найсвяцейшай Панне Марыі. У жніўні 2005 г. адбылася каранацыя цудатворнага абраза Маці Божай Кангрэгацкай, апякункі Гродна. Кароны былі асвячоны яшчэ папам Янам Паўлам ІІ. Падобная ўрачыстасць у Гродзенскай дыяцэзіі адбылася 5 ліпеня 2009 г., калі быў каранаваны абраз Маці Божай Тракельскай. Гэты абраз знаходзіцца ў дыяцэзіяльным санктуарыі ў Тракелях, куды ўжо па традыцыі ў першыя дні ліпеня пілігрымуюць тысячы вернікаў.

Аднак неабходна яшчэ шмат часу, каб узмацніць наш Касцёл пакліканнямі. Патрэбны новыя і шматлікія пакліканні да святарскага і законнага жыцця, аб якіх мы молімся ў гэтым Годзе святарства. Яшчэ шмат мястэчак чакаюць святара, які б мог жыць у асяроддзі сваіх парафіянаў і насычаць іх Божым словам, быць разам з імі і суправаджаць на шляху да святасці.

Гродзенская дыяцэзія паволі дасягнула свайго паўналецця. Шмат чаго ўжо зроблена і немагчыма падлічыць усіх дасягненняў і радасцяў. Самым важным з’яўляецца тое, што Касцёл у Беларусі вельмі моцны. Яго ўтвараюць тысячы чалавечых сэрцаў, на якіх ён быў пабудаваны і па натхненні Духа Святога працягвае развіваецца.

Парасткі Касцёла — моладзь — прыкладаюць усе намаганні, каб захаваць і перадаць наступным пакаленням веру сваіх дзядоў і прадзедаў.

Перамены ў рэлігійных структурах, якія адбываюцца ў Гродзенскай дыяцэзіі з пачатку 90-х гадоў, сведчаць аб тым, што Касцёл тут жыве. Яго дынамізм, пачатак адбудовы адміністрацыйных структур якога паклаў Слуга Божы Ян Павел ІІ, ставіць перад сваімі душпастырамі і вернікамі новыя задачы.

Безумоўна, нам яшчэ неабходна вылечыць шмат духоўных ран. Маем шмат працы: многія людзі закрануты хваробай атэізму, амаральнасці, шматлікія разводы і разбітыя сем’і, алкагалізм, памнажэнне сектаў. Аднак варта давяраць Божай Прадбачлівасці і разумець, што праз шматлікія цярпенні можна дасягнуць вялікіх спраў.

У гэты радасны юбілейны год дзякуем Пану Богу за наш партыкулярны Касцёл. Будзем жыць верай, распальваць у сабе любоў Хрыста, трываць у надзеі і чыніць наш Касцёл святым. Молімся за нашага біскупа, святароў і за ўвесь люд верны.

Дыякан Ежы Марціновіч
catholic.by