У гомельскім касцёле Нараджэння Маці Божай прайшоў канцэрт хору з Шатландыі

У мінулыя выхадныя парафіянаў гомельскага касцёла Нараджэння Маці Божай (Пінская дыяцэзія) парадавалі сумесным выступленнем народная харавая капэла «Дзянніца» Гомельскага дзяржаўнага універсітэта імя Ф. Скарыны і хор капліцы універсітэта Абердзіна (Шатландыя), прымеркаваны да 20–годдзя ўстанаўлення сяброўскіх адносін паміж імі.

У канцэрце прагучалі ўрыўкі з «Рэквіема» Вольфганга Амадэя Моцарта, кампазіцыя Сяргея Рахманінава «Багародзіца Дзева, радуйся» і іншыя творы. Перад пачаткам выступлення пробашч парафіі кс. Славамір Ляскоўскі заклікаў слухачоў адкрыць свае сэрцы на музыку: «Дазвольце ўвайсці сабе ў той свет, які Бог падараваў нам. Зараз мы пачуем тое, што было створана пад уплывам Божага Духа».

Кіраўнікі гомельскага і абердзінскага калектываў выказалі найлепшыя пажаданні пробашчу парафіі і падзякавалі за прадстаўленне памяшкання касцёла.

Хор капліцы абердзінскага універсітэта — адзін з найстарэйшых музычных калектываў Шатландыі. Яго ўдзельнікі — паслядоўнікі хора вікарыяў, заснаванага ў канцы XV ст. Сучасны хор капліцы складаецца з 30 спевакоў, ён быў заснаваны ў 1891 г. для спеваў на літургіях ва універсітэце, якія ў цяперашні час праводзяцца штотыдзень. Кіраўнік і дырыжор калектыву — доктар філасофскіх навук, кампазітар і арганіст Роджэр Уільямс.

catholic.by