У Чырвоным касцёле адбылася святая Імша ў памяць ахвяр авіякатастрофы пад Смаленскам

У Чырвоным касцёле адбылася Імша ў памяць ахвяр авіякатастрофы пад Смаленскам

13 красавіка 2010 г. у мінскім касцёле св. Сымона і св. Алены (Чырвоны касцёл) адбылася святая Імша ў памяць ахвяр авіякатастрофы, якая здарылася 10 красавіка пад Смаленскам (Расія). У катастрофе трагічна загінула ўрадавая дэлегацыя Польшчы, у тым ліку Прэзідэнт краіны Лех Качыньскі, грамадскія і палітычныя дзеячы, духоўныя асобы.

Святую Імшу канцэлебравалі дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоні Дзям’янка, Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек і пробашч Чырвонага касцёла кс. Уладзіслаў Завальнюк. Сярод шматлікіх прысутных былі прадстаўнікі Консульства Польшчы ў Беларусі, культурных і грамадскіх аб’яднанняў, а таксама госці нашага горада.

На пачатку літургіі былі зачытаны імёны ўсіх загінуўшых у авіякатастрофе. Была ўшанавана памяць бязвінна замучаных і расстраляных на катынскай зямлі, куды накіроўвалася дэлегацыя Польшчы, 70 гадоў таму.

Напрыканцы набажэнства ўсе прысутныя накіраваліся ў працэсіі да фігуры Езуса пры ўваходзе ў святыню, дзе быў усталяваны партрэт Прэзідэнта Польшчы Леха Качыньскага. На гэтым месцы ўдзельнікі святой Імшы прамовілі малітву «Анёл Панскі». Пасля таго, як прадстаўнікі консульства выказалі падзяку за спагаду і падтрымку, вернікі усклалі каля партрэта кветкі і запалілі знічы.

catholic.by