У Беларусі будзе створана сетка парафіяльных аддзяленняў «Карытас»

11 мая 2010 г. у Мінску адбылося штоквартальнае пасяджэнне дырэктароў дыяцэзіяльных «Карытас». Стварэнне аддзяленняў парафіяльных «Карытас» і стратэгічнае планаванне дзейнасці дабрачыннага фонду сталі ключавымі тэмамі сустрэчы.

Па словах кс. Віктара Гайдукевіча SDB, дырэктара «Нацыянальнага Карытас» у Беларусі, парафіяльныя аддзяленні дабрачыннага фонду ў нашай краіне — «з’ява новая, але надзвычай актуальная і неабходная». «Вельмі важна аказваць дапамогу аператыўна і мэтанакіравана. Менавіта парафіяльныя аддзяленні „Карытас“, якія маюць на ўвазе супрацоўніцтва валанцёраў з нашай арганізацыяй, могуць стаць пунктамі ажыццяўлення канкрэтнай дапамогі патрабуючым. Пры гэтым трэба падкрэсліць, што наш фонд аказвае не толькі матэрыяльную дапамогу, але таксама духоўную, псіхалагічную. Кожная сітуацыя патрабуе ўважлівага разгляду і адпаведнага падыходу. Такім чынам, наяўнасць фонду пры парафіі, які, можа, на пачатковым этапе будзе ўяўляць сабой інфармацыйны пункт, куды можна звяртацца па дапамогу, паспрыяе актывізацыі мабільнай дапамогі і канкрэтнай працы з людзьмі», — падкрэсліў кс. Віктар Гайдукевіч.

Аддзяленні «Карытас» ужо створаны пры некаторых парафіях Гродзенскай дыяцэзіі. Пра іх дзейнасць паінфармаваў прысутных на пасяджэнні кс. Віталь Дабраловіч, дырэктар рэлігійнай місіі «Карытас» Гродзенскай дыяцэзіі.

У будучым, як паведаміў кс. Гайдукевіч, плануецца па ўсёй краіне стварыць сетку парафіяльных аддзяленняў фонду на дэканальным узроўні, дзейнасць якіх будуць каардынаваць дыяцэзіяльныя «Карытас».

Другім пытаннем, пастаўленым на парадак дня, стала стратэгічнае планаванне дзейнасці «Карытас» у будучыні. «Тут важна зразумець, дзе мы знаходзімся, што маем, чаго хочам дасягнуць і якія ў нас перспектывы для гэтага, — адзначыў кс. Гайдукевіч. — На маю думку, толькі паставіўшы перад сабой канкрэтныя мэты, можна мэтанакіравана імкнуцца да іх рэалізацыі. Пры гэтым важна сур’ёзна падысці да вызначэння тэрміну дасягнення канкрэтнай мэты. Неакрэсленасць у часе аддаляе вырашэнне любога пытання».

Стратэгічнаму планаванню будзе прысвечана канферэнцыя «Карытас Беларусі — погляд у будучыню», якая адбудзецца ў Мінску 7–11 чэрвеня гг. Адказныя за маніторынг працэсу — кс. Альфонс Фрыдрых SDB і Штэфан Эс з Мюнхена.

catholic.by