Рэліквіі дрэва святога Крыжа знаходзяцца ў мінскай архікатэдры

З санктуарыя Рэліквій дрэва святога Крыжа, што ў Сандамірскай дыяцэзіі (Польшча), 4 чэрвеня 2010 г. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прывёз у мінскую архікатэдру рэліквіі дрэва святога Крыжа, на якім Езус Хрыстус збавіў чалавецтва.

Арцыпастыр, узначаліўшы літургію ў першую пятніцу чэрвеня, распавёў у гаміліі пра значэнне набажэнства да Найсвяцейшага Сэрца Езуса, «Сэрца, якое палюбіла чалавека аж да крыжовай смерці». Іерарх падкрэсліў таксама значэнне крыжа як «знака бязмежнай любові Бога да чалавека» і заклікаў «не баяцца крыжа, але, беручы прыклад з Езуса, цярпліва несці свой крыж разам з Ім, бо тады ён стане знакам надзеі».

Пасля Эўхарыстыі шматлікія вернікі з вялікім узрушэннем падыходзілі да святых рэліквій, каб ушанаваць кавалачак дрэва, праз якое прыйшло збаўленне.

catholic.by