Распачалася пілігрымка ў Святую Зямлю душпастыраў і вернікаў Беларусі

Распачалася пілігрымка ў Святую Зямлю душпастыраў і вернікаў Беларусі

15 красавіка 2010 г. святой Імшой распачалася пілігрымка ў Святую Зямлю душпастыраў з усіх дыяцэзій Беларусі і вернікаў. Літургію ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Разам з арцыпастырам Эўхарыстыю канцэлебравалі дапаможны біскуп Антоні Дзям’янка і прысутныя святары. Дадзеная пілігрымка прымеркавана да Года святарства.

У гаміліі Мітрапаліт нагадаў пра значэнне пілігрымкі, якая з’яўляецца малітоўным падарожжам па святых месцах. Практыка хрысціянскіх пілігрымак распачалася ў IV ст., калі вернікі пачалі ездзіць або прыходзілі пешшу ў Святую Зямлю, каб пабываць ў месцах, звязаных з жыццём і дзейнасцю Збаўцы.

Паводле старажытнага славянскага звычаю, як нагадаў арцыпастыр, перад падарожжам людзі сядалі на хвілінку. «Езус устанавіў Эўхарыстыю, седзячы за сталом. Таксама і мы збіраемся за эўхарыстычным сталом, каб, узмоцненыя Божым словам і святой Камуніяй, распачаць пілігрымку, — падкрэсліў Мітрапаліт. — З сабой мы забіраем праблемы Касцёла ў Беларусі. Едзем туды з актам жалю за ўсё, што было і што ёсць нядобрае ў нас. На зямлі, асвячонай жыццём, смерцю і ўваскрасеннем Хрыста, мы хочам выразіць нашу ўдзячнасць за адраджэнне веры і жадаем прасіць благаслаўлення на будучае. Асабліва хочам маліцца за святароў, за пакліканні да святарства, за іх служэнне, каб сапраўды па прыкладу св. Яна Віянэя былі святарамі паводле Сэрца Езуса».

На заканчэнне арцыбіскуп нагадаў пра мэту жыцця кожнага чалавека — збаўленне: «Сённяшняе Евангелле кажа, што той, хто верыць у Сына Божага, будзе збаўлены. Мэта нашага жыцця — дасягнуць збаўлення. Умова — вера».

Мітрапаліт Кандрусевіч выказаў надзею, што «спатканне са Святой Зямлёй» узмоцніць веру пілігрымаў, каб яны годна выконвалі свае святарскія і жыццёвыя абавязкі і былі сведкамі Евангелля ў сваёй штодзённасці, а праз гэтае сведчанне як мага больш людзей пазнала Божае слова.

Варта адзначыць, што перад адпраўленнем аўтобуса ў аэрапорт пажадаць шчаслівай дарогі арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу і іншым пілігрымам прыйшоў протаіерэй Аляксандр Шымбалёў.

catholic.by