Прайшло асвячэнне капліцы св. Яна Евангеліста і св. Максіміліяна Кольбэ ў Кунцаўшчыне

Вітайце дома! Такімі словамі Арцыбіскуп Кандрусевіч прывітаў удзельнікаў урачыстасці асвячэння капліцы св. Яна Евангеліста і св. Максіміліяна Кольбэ ў Кунцаўшчыне. Вітайце дома, бо нарэшце новая парафія, душпастырскую апеку над якой маюць айцы францішкане.

У гаміліі іерарх падкрэсліў, што асвячэнне новай капліцы – гэта вялікая падзея як у жыцці парафіі, так і ў жыцці мінскіх католікаў. На мапе Мінска з’явілася яшчэ адно месца спаткання чалавека з Богам. Пасярод жалезабятонных канструкцый новага мікрараёна Мінска ў Кунцаўшчыне з’явіўся новы цэнтр духоўнасці, дзякуючы якому чалавек будзе мець магчымасць сустрэць Бога. Гэтае спатканне ажыццяўляецца перш за ўсё праз абвяшчэнне Божага слова і катэхізацыю.

Сапраўдны Касцёл з’яўляецца месцам спаткання чалавека з Богам. У гэтай невялікай каплічцы будзе знаходзіцца Бог, якога не можа аб’яць ні неба ні зямля. Гэта здзяйсненне цуду, якога так доўга чакалі людзі на гэтай зямлі. Напэўна многія хацелі б убачыць сённяшні трыумф Хрыста, калі на палігоне атэізму ўзносяцца храмы. Цярпенні, кроў і мучаніцтва нашых продкаў сёння даюць свой плён. Сапраўды, кроў хрысціян – гэта насенне вернікаў.

Новая капліца ў Мінску нагадвае пра змену аблічча нашай зямлі. Не дастаткова мець прыгожыя мікрараёны ці развітую інфраструктуру, трэба мець і духоўныя цэнтры, дзе змяняецца чалавек. Менавіта духоўна зменены і духоўна адноўлены чалавек сапраўды з’яўляецца тым, хто на самой справе змяняе зямлю. Зямля будзе такой, якімі будуць людзі.

Гэта капліца асвячаецца ў вігілілю спаслання Святога Духа ў гонар св. Яна Евангеліста і св. Максіміліяна Кольбе. Няхай гэтыя апякуны парафіі дапамогуць усім нам, у гэтай капліцы сустракаць Бога і дасканаліцца, каб мець дастаткова духоўных сіл супрацьстаяць нябяспечным выклікам сучаснасці і будаваць сваё жыццё на прынцыпах Евангелля – падкрэсліў на заканчэнне іерарх.

catholic.by