Пілігрымы з Мінска ў Будслаў адзначаюць дасканалую арганізацыю падарожжа

Як паведаміў RELIGIA.BY асабісты карэспандэнт, пілігрымы з Мінска ў Будслаў адзначаюць дасканалую арганізацыю падарожжа.  Калону суправаждае аўтамабіль ДАІ і брыгада медыкаў. Самі  удзельнікі пілігрымкі таксама маюць суполку “першай дапамогі” і гатовыя да розных нечаканасцяў.

У калоне дзейнічае “гучная сувязь”, і ёсць магчымасць разам спяваць хрысціянскія песьні, і рабіць неабходныя аб’явы. Бяспеку руху па шашы забяспечваюць не толькі  супрацоўнікі ДАІ – у пілігрымаў есць падраздзяленьне “рэгуліроўшчыкаў”. Пры неабходнасці супрацоўнікі ДАІ перакрываюць рух аўтамабіляў, а падчас руху па абочыне «рэгуліроўшчыкі» абазначаюць галаву і хвост калоны і адгароджваюць падарожнікаў ад праезднай часткі чырвонай лентай.

Палявая кухня ў пунктах начлегу забяспечвае пілігрымаў гарачай ежай.

Разам з калонай рухаецца і аўтамабіль для асабістых рэчаў падарожнікаў.

Дарога да Будслава няпростая. Пілігрымы крочаць і ў дождж, і ў спёку. Да болю нацёртыя ногі, стома, — але нягледзячы на гэта, людзі ідуць пакланіцца знакамітаму абразу Маці Божай Будслаўскай, паўдзельнічаць у сумеснай малітве разам з тысячамі вернікаў з розных краін.

Юрый Баркоўскі
RELIGIA.BY