Пастырскае пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень 2011 г.

«Уваскрасенне Хрыста з’яўляецца падмуркам нашай веры. Без фізічнага ўваскрасення Езуса няма збаўлення. Калі б Езус ляжаў у грабніцы забальзаміраваны, як ляжаць некаторыя вядомыя дзеячы гісторыі, а мільёны наведвальнікаў і прыхільнікаў аддавалі б Яму пашану, то хрысціянства было б не больш, чым легенда», — чытаем у пасланні Мітрапаліта Кандрусевіча на Вялікдзень.
Уваскрослы Хрыстус — надзея сучаснага свету

Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, вернікі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі!

1. Гэтымі словамі велікоднага прывітання ўсіх вас вітаю і віншую са святам святаў — Пасхай нашага Пана Езуса Хрыста. Слова «сапраўды» азначае факт уваскрасення і з’яўляецца той абсалютнай праўдай, на якой апосталы абапіралі сваю місію.

2. Уваскрасенне Хрыста з’яўляецца падмуркам нашай веры. Без фізічнага ўваскрасення Езуса няма збаўлення. Калі б Езус ляжаў у грабніцы забальзаміраваны, як ляжаць некаторыя вядомыя дзеячы гісторыі, а мільёны наведвальнікаў і прыхільнікаў аддавалі б Яму пашану, то хрысціянства было б не больш, чым легенда. Нездарма св. апостал Павел кажа, што «калі Хрысус не ўваскрос, то марнае і прапаведаванне нашае, і вера ваша марная» (1 Кар 15, 14).

Святое Пісанне прадстаўляе ўваскрасенне Езуса як гістарычны факт. Хрыста пасля ўваскрасення бачылі апосталы і іншыя людзі. Ён паводзіў сябе як кожны жывы чалавек, размаўляў, заахвочваў дакрануцца да Яго, нават прасіў, каб далі Яму есці. Усё гэта пераканала Ягоных вучняў, што сустрэча з Уваскрослым была не галюцынацыяй, а рэчаіснасцю. Таму хрысціянства абапіраецца на факце ўваскрасення Хрыста, бо без гэтага яно было б безжыццёвым.

Аднойчы французскі філосаф Аўгуст Комтэ сказаў, што мае намер заснаваць новую рэлігію, якая заслоніць хрысціянства, яна не будзе мець ніякіх таямніц, будзе вельмі простай і будзе называцца пазітывізмам. Адносна гэтай ідэі шатландскі пісьменнік Томас Карлейль сказаў наступнае: каб гэта сталася, табе трэба прамаўляць так, як да гэтага ніхто і ніколі не прамаўляў, і жыць так, як да гэтага ніхто і ніколі не жыў, а потым ты павінен быць укрыжаваны, затым уваскрэснуць на трэці дзень і пераканаць свет, што ты яшчэ жывеш. Толькі тады твая рэлігія будзе мець шанец.

3. Уваскрасенне Езуса Хрыста з’яўляецца надзеяй нашага ўваскрашэння. Чалавецтва, нягледзячы на імклівае развіццё навукі і яе вялікія дасягненні, тым не менш ведае, што існуе пераход толькі ў адным напрамку, без вяртання назад. Аднак факт уваскрасення Хрыста становіцца адзіным і выключным фактам у гісторыі: знаходзячыся ў грабніцы, Езус падрыхтаваў сабе шлях вяртання да жыцця. І не толькі сабе, але і іншым. Ён сказаў: «Хто верыць у Сына, мае жыццё вечнае» (Ян 3, 36). Таму дарам уваскрослага Езуса з’яўляецца наша будучыня.

4.Такім чынам, мы бачым, што ўваскрасенне Хрыста з’яўляецца актам бязмежнай Божай міласэрнасці. Аб гэтым мы павінны памятаць асабліва, бо праз тыдзень у Рыме адбудзецца беатыфікацыя Слугі Божага Яна Паўла II — Апостала Божай міласэрнасці. Аб гэтым трэба памятаць і таму, што дваццаць гадоў таму, 13 красавіка 1991 г., менавіта Ян Павел II адрадзіў іерархічныя структуры Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і ўстанавіў Мінска-Магілёўскую мітраполію.

Вялікі Пантыфік выдатна чытаў знакі часу і адказваў на іх выклікі. Зняволены ганеннямі, Касцёл у Беларусі быў як быццам у грабніцы. Ён не меў адпаведных касцёльных структур і іерархіі. Здавалася, што ён ужо ніколі не ўваскрэсне да новага жыцця. Аднак гісторыя яшчэ раз пацвердзіла праўду: тое, што немагчыма для чалавека, магчыма для Бога. Укрыжаваны і амярцвелы Касцёл уваскрос і жыве. Таму сённяшняя Пасха — гэта таксама свята адраджэння Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.

5. Як мы прымаем гэты Божы дар? Ці нясе радасць у нашыя сэрцы велікоднае гучанне званоў? Радасць ад таго, што, нягледзячы на ўсе жыццёвыя цяжкасці і непазбежнасць заканчэння зямнога жыцця, нас чакае іншая рэчаіснасць — уваскрашэнне да вечнага жыцця.

На жаль, для многіх хрысціян Хрыстус і Яго ўваскрасенне значаць не больш, чым леташні снег. У імкненні да абсалютнай свабоды, якая лічыць Божы закон абмежаваннем правоў чалавека, многія імкнуцца да свабоды ад Бога і Яго закону. Такім чынам яны застаюцца ў грабніцы сваіх грахоў, зняволення і дрэнных звычак, а таксама спажывальнікамі сваёй малой стабільнасці. Усё гэта вядзе да таго, што людзі замест «больш быць» імкнуцца «больш мець» і не жадаюць ісці ў напрамку багацейшага чалавецтва, свабоды дзяцей Божых і поўні жыцця. Мы — хрысціяне, але як нямнога тых, хто мае веру, здольную змяніць жыццё!

Хрыстус — гэта не леташні снег, пра які мы ўжо даўно забылі, і не сёлетні. Езус, насуперак былым і сучасным пераследам хрысціянства, існуючым у некаторых, нават з развітай дэмакратыяй і традыцыямі, краінах свету, — як гэта моцна падкрэслівае папа Бэнэдыкт XVI, — насуперак розным цяжкасцям і выклікам сучаснага лібералізму і нават адыходу ад веры, жыве ў сваім Касцёле. Праз яго і ў ім Ён вядзе нас да паўстання з грабніц нашых грахоў і дае новую надзею на справядлівае вырашэнне ўсіх праблем і лепшае жыццё на гэтай зямлі, калі яно будзе будавацца на маральных каштоўнасцях і ў адпаведнасці з васьмю благаслаўленнямі Пана — гэтай дарожнай картай кожнага хрысціяніна, і таксама дае надзею на шчаслівую вечнасць. Сапраўдная перамена жыцця ў Хрысце — гэта радыкальная перамена, якая вядзе чалавека да трыумфу жыцця і паўнаты быцця (пар. Ян 10, 10).

6. Уменне глядзець на гісторыю ў святле праўды ўваскрасення вельмі важна ў наш час, калі мары чалавека абмяжоўваюцца хвіліннымі клопатамі. Жывучы выключна праблемамі аднаго дня, мы забываем аб галоўным — аб збаўленні душы, Божым Провідзе, любові да Бога і бліжняга.

Менавіта адсутнасць любові да бліжняга і выклікала жудасны тэрарыстычны акт у мінскім метро 11 красавіка гэтага года, які прывёў да чалавечых ахвяраў. Няма і не можа быць тлумачэння таму, што тады сталася, і сталася падчас Вялікага посту — часу падрыхтоўкі да свята Пасхі. І хоць непамерна цяжка перанесці страту блізкіх і пагадзіцца з тым, што ў мірны час ад тэрарыстычнага акту гінуць людзі, наша хрысціянская вера і праўда Уваскрасення Хрыста дапамагае нам выцерці слёзы і дае новую надзею. Выказваючы свае спачуванні сем’ям і блізкім ахвяраў гэтага выбуху, давяраю душы загінуўшых Божай міласэрнасці з надзеяй на жыццё вечнае, а для пацярпелых прашу ласкі выздараўлення.

Уваскрасенне Хрыста дае магчымасць узвысіцца над штодзённай мітуснёй і цяжкасцямі жыцця і ўбачыць бязмежнасць Божай любові, якая дзеля чалавека сышла аж да Крыжа і смерці. Таму нам трэба ведаць і жыць праўдай, што сваім уваскрасеннем Хрыстус аднаўляе чалавечую прыроду і дае чалавеку неабходныя сілы ў служэнні Касцёлу, Бацькаўшчыне, грамадству, сям’і і бліжняму.

Сучасны свет у развіцці навукі, паліттэхналогіях і эканамічных рэцэптах ліхаманкава шукае адказу на свае праблемы. Аднак не знаходзіць яго. У той жа час Касцёл і само жыццё нагадваюць, што трэба толькі адно: жыць паводле Божага слова, якое з’яўляецца крыніцай паяднання, супакою (пар. VD 102) і ўсялякага адраджэння. Менавіта Евангелле вызваляе чалавека ад вельмі балючага пачуцця недастатковай развітасці і пыхі прагрэсу, ад сувязяў з негуманістычнымі культурамі і новым язычніцтвам, якім з’яўляецца большасць найбольш развітых тэхналогій. Евангелле адкрывае сэнс гісторыі чалавецтва, а таксама дапамагае адказваць на найбольш небяспечныя выклікі сучаснасці.

7. Дарагія браты і сёстры, усе людзі добрай волі!

Ад усяго сэрца віншую вас з радасным і збаўчым святам Пасхі. Віншую католікаў і ўсіх хрысціян. Дзякуючы Божаму Провіду, мы другі год падрад адзначаем галоўнае свята хрысціянства ў адзін дзень. Гэта знак з неба і заклік да будавання адзінства хрысціян, што павінна з’яўляцца нашым маральным абавязкам, каб разам сведчыць праўду Евангелля, асабліва праўду ўваскрасення, і разам адказваць на выклікі часу, каб сучасны свет выйшаў з грахоўных грабніц і будаваў цывілізацыю жыцця.

Усім вам жадаю радасных велікодных святаў. Няхай праўда ўваскрасення ўзмоцніць нашыя сілы і адновіць надзею, нават насуперак надзеі, — як да гэтага заклікае св. апостал Павел (пар. Рым 4, 18). На гэты шлях ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, + і Сына і Духа Святога. Амэн.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 11 красавіка 2011 г.
Успамін св. Станіслава, біскупа і мучаніка

 

Добавить комментарий