Пад Барысавам быў арганізаваны лагер для скаўтаў

З 10 па 13 красавіка 2010 г. пад Барысавам быў арганізаваны лагер для беларускіх скаўтаў, мэтай якога стала падрыхтоўка новых кандыдатаў. У дадзеным фармацыйным мерапрыемстве прынялі ўдзел 27 чалавек з Глыбокага, Паставаў, Мінска і іншых мясцовасцяў. Маладыя скаўты вучыліся майстэрству рабіць самае неабходнае з дрэва, не ўжываючы цвікоў і малатка. Так, напрыклад, яны збудавалі паходны алтар і лагерную мэблю — сталы і лаўкі. Таксама вопытныя інструктары тлумачылі малодшым, як арыентавацца на мясцовасці, гатаваць ежу і запальваць вогнішча пры дапамозе адной запалкі.

Акрамя фізічнай падрыхтоўкі праводзіліся сустрэчы і на духоўныя тэмы. Вера ў Бога, імкненне да духоўнай дасканаласці і маральнае жыццё — гэта неад’емныя складальныя фармацыі моладзі ў скаўтынгу, таму ў лагеры пад Барысавам частымі гасцямі былі каталіцкія святары. У гэтыя дні скаўты мелі магчымасць прыступіць да сакрамэнту пакаяння і прыняць святую Камунію.

Заснавальнікам міжнароднага скаўтынгу з’яўляецца англійскі лорд Роберт Бадэн Паўэл, які ў 1907 г. правёў першы летнік для хлопчыкаў. Само міжнароднае згуртаванне скаўтаў Еўропы (Федэрацыя еўрапейскага скаўтынгу (FSE)) паўстала ў 1956 г. у Германіі. Зараз яна налічвае звыш 55 тысяч хлопцаў і дзяўчат, якія паходзяць з Аўстрыі, Беларусі, Бельгіі, Венгрыі, Італіі, Польшчы і іншых краін Еўропы. Сярод сяброў Федэрацыі — вернікі розных хрысціянскіх канфесій.

З 2000 г. у Беларусі існуюць каталіцкія парафіяльныя скаўцкія адзінкі, якія практыкуюць педагогіку FSE. На сённяшні дзень яны дзейнічаюць у Барысаве, Глыбокім, Лынтупах, Мінску і Віцебску.

catholic.by