Мітрапаліт Кандрусевіч скіраваў словы спачування старшыні ККБП і амбасадару Польшчы ў Беларусі

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч скіраваў словы спачування старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Польшчы арцыбіскупу Юзафу Міхаліку, а таксама амбасадару Польшчы ў Беларусі Генрыку Літвіну ў сувязі з катастрофаю самалёта Прэзідэнта Польшчы пад Смаленскам.

У авіякатастрофе загінулі польскі лідэр Лех Качыньскі, яго жонка, каталіцкія і праваслаўны іерархі, святары, а таксама асобы, якія спаўнялі важныя кіраўнічыя функцыі ў дзяржаве. Дэлегацыя з Польшчы накіроўвалася ў Хатынь (Расія), каб ушанаваць памяць людзей, закатаваных у гэтым месцы 70 год таму.

“Касцёл Мінска-Магілёўскі яднаецца з Касцёлам у Польшчы, перажываючы гэтую драму і час новага вялікага выпрабавання, калі па невядомым нам Божым планам хатынскі лес зноў збірае ахвяры, якія перайшлі ў вечнасць у актаве Пасхі, у вігілію свята Божай Міласэрнасці. У сваіх малітвах і пачас святой Імшы ў мінскай архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі 11 красавіка 2010 года Езусу Міласэрнаму будзем давяраць усе ахвяры Хатыні – і тыя, што былі 70 год таму, і сённяшнія, просячы для іх аб вечным адпачынку”, — адзначаецца ў спачувальных лістах беларускага іерарха. Мітрапаліт таксама нагадвае пра надзею, якую дае праўда пра ўваскрасенне Хрыста, што загінуўшыя “пяройдуць у краіну жывых, пяройдуць з гэтай Хатынскай Галготы”.

catholic.by