Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у навуковай сесіі ў Польшчы

20 мая 2010 г. на тэалагічным факультэце Шчэцінскага універсітэта (Польшча) адбылася навуковая сесія пад назвай «Каталіцкі Касцёл у некаторых краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ў часы сацыяльна-палітычных перамен». У сесіі прынялі ўдзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, кс. Андрэй Стэцкевіч і кс. Ежы Стэцкевіч.

Сесія праводзілася з нагоды 50-годдзя святарскага пасвячэння біскупа Шчэцінска-Каменскай архідыяцэзіі Марыяна Блазія Крушыловіча OFMConv, які нарадзіўся на Гродзеншчыне. Біскуп Крашыловіч займаў адказныя пасады ў Рымскай францішканскай курыі, быў правінцыялам Варшаўскай правінцыі францішканаў, часта наведвае Расію і Беларусь.

Падчас сесіі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч выступіў з дакладам на тэму «Адраджэнне структур і дзейнасці Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і ў Расійскай Федэрацыі». «У выпадку Расіі і Беларусі гісторыя нібы паўтаралася, — адзначыў беларускі іерарх. — Панавала цемра, не хапала святла Евангелля, якое нясе Хрыстовую праўду. Не хапала маральнай базы, справядлівасці і міру».

«Канец васьмідзесятых і пачатак дзевяностых гадоў ва Усходняй Еўропе і былым Савецкім Саюзе запісаліся ў гісторыю як заканчэнне таталітарнага, атэістычнага рэжыму і пераход да дэмакратыі. На гэты шлях спакойна ўступілі Беларусь і Расія. Распачаўся працэс іх духоўнага адраджэння», — падкрэсліў Мітрапаліт Кандрусевіч.

«Пасля Другой сусветнай вайны ў Беларусі не было ніводнага каталіцкага біскупа, — працягваў іерарх. — У 1965 г. у Беларусі было адчынена 129 касцёлаў, калі агульная колькасць святароў складала 84 асобы. У 1988 жа годзе было 105 адчыненых касцёлаў пры 62 святарах. Гэты быў смутны час вымірання для Касцёла. (…) Здавалася, што са смерцю апошнягя святара Касцёл перастане існаваць. (…) У прадстаўленай сітуацыі наступіла вясна, на якую амаль ніхто не спадзяваўся. 25 ліпеня 1989 г. Слуга Божы Ян Павел ІІ прызначыў першага, больш за сорак год, біскупа для католікаў Беларусі».

Затым, прадставіўшы сітуацыю Каталіцкага Касцёла ў Беларусі на сучасным этапе, беларускі арцыпастыр закрануў 20-гадовую гісторыю адраджэння Касцёла ў Расіі, які прайшоў значны шлях свайго развіцця і, нягледзячы на цяжкасці, «глядзіць з надзеяй у будучыню». «Феноменам духоўнага жыцця, якое тут адраджаецца, з’яўляецца перш за ўсё моладзь. У асноўным гэта яна імкнецца да ажыўлення парафій. Гэта яна праяўляе набольшую актыўнасць», — сцвердзіў Мітрапаліт.

«Сёння, гледзячы на рэальны стан Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і Расіі, — падсумоўваў беларускі іерарх, — з аднаго боку, трэба дзякаваць Богу за дар адраджэння, а з іншага, неабходна прыкласці максімальныя намаганні, каб духоўная пустэча, што засталася пасля перыяду шматгадовых пераследаў, была напоўнена духам Евангелля».

Ксёндз Андрэй Стэцкевіч, у сваю чаргу, прапанаваў удзельнікам сесіі паведамленне «Адраджэнне і дзейнасць Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Расіі».

У сесіі таксама прынялі ўдзел кс. Ежы Стэцкевіч, які выступіў з паведамленнем «Адраджэнне Каталіцкага Касцёла ў Калінінградскай вобласці», а. Нікалай Дубінін OFMConv, які прадставіў дзейнасць Закона Братоў Меншых у Расіі, прадстаўнікі Рымскай францішканскай курыі, вучоныя і інш.

catholic.by