Мітрапаліт Кандрусевіч прымае ўдзел у міжнароднай канферэнцыі ў Браціславе, прысвечанай 65-годдзю завяршэння Другой сусветнай вайны

22–24 красавіка 2010 г. у Браціславе (Славакія) пры падтрымцы прэм’ер-міністра Славакіі, Прэзідэнта РФ Дзмітрыя Мядзведзева і караля Іспаніі Хуана Карласа І праходзіць міжнародная канферэнцыя «65-годдзе завяршэння Другой сусветнай вайны ў Еўропе — гістарычныя ўрокі і выклікі сучаснасці». У канферэнцыі прымае ўдзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

У межах мерапрыемства беларускі іерарх выступіў з дакладам на тэму «Пакуты народа ў часы вайны заклікаюць да праўды і справядлівасці, пакаяння і прабачэння».

«У вайне пакутуюць усе народы, і тыя, якія нападаюць, і тыя, якія абараняюцца, і пераможцы, і прайграўшыя. Таму варта казаць не толькі пра народы і пра калектыўную адказнасць, але таксама пра асабістую трагедыю, пакуту, смерць, грэх і пакаянне кожнага чалавека, уцягнутага ў вайну, незалежна ад яго нацыянальнасці, грамадзянства і веравызнання», — адзначыў Мітрапаліт у сваім дакладзе, дадаўшы, што «любыя этнічныя або нацыяналістычныя спекуляцыі адносна вайны накіраваны супраць прынцыпаў хрысціянства, супраць даравання і прымірэння».

Беларускі арцыпастыр падкрэсліў таксама, што менавіта «дзіцячы погляд, безабаронны, але бязлітасны, да аснавання агаляе і выкрывае чалавечае вар’яцтва ў форме вайны». «Яны не палітыкі, не салдаты, яны нават не дарослыя — яны дзеці, і таму ім нельга не верыць», — падкрэсліў іерарх, нагадваючы пра такі важны аспект, як праўда.

«Нашаму грамадству неабходны людзі, якія навучыліся ў Пана „міласэрнай справядлівасці“, навучыліся праўдзе, „якая не дакарае і не абражае“, — адзначыў Мітрапаліт і ўзгадаў словы Яна Паўла ІІ: «Няма міру без прабачэння!».

Канферэнцыя ў Браціславе заклікана нагадаць міжнароднаму згуртаванню, а асабліва маладому пакаленню, пра галоўныя ўрокі Другой сусветнай вайны.

У арганізацыі канферэнцыі прымаюць удзел Міжнародная федэрацыя байцоў супраціўлення, Еўрапейскі дэмакратычны форум, Аўстрыйскі Чорны Крыж, Еўрапейскі яўрэйскі Кангрэс, Музей халакосту ў Іерусаліме, Цэнтр нацыянальнай славы Расіі і іншыя.

catholic.by