Мітрапаліт Кандрусевіч маліўся разам са студэнтамі з нагоды распачацця экзаменацыйнай пары

«Будзьце дасканалымі спецыялістамі», — заклікаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч студэнтаў падчас святой Імшы ў мінскай архікатэдры 28 мая 2010 г. Літургія аб паспяховай сдачы экзаменаў цэлебравалася па просьбе каталіцкай моладзі, якая навучаецца ў мінскіх установах.

Арцыпастыр, падзякаваўшы студэнтам за запрашэнне на супольную малітву напярэдадні экзаменаў, назваў гэтую ініцыятыву «знакам таго, што для гарманічнага развіцця чалавека патрэбны не толькі веды, але і Божая ласка».

У звароце да студэнтаў іерарх нагадаў, што «Касцёл заўсёды імкнуўся развіваць навуку і культуру». Акрамя гэтага, як адзначыў Мітрапаліт, «Касцёл асабліва клапоціцца пра тое, каб навуковыя даследаванні і іх выкарыстанне адпавядалі маральным нормам». «Таму, дарагія студэнты, імкніцеся да дасканаласці ў той галіне навукі, якую вы сабе выбралі, і адначасова, жывучы вераю, станавіцеся Божымі сведкамі, каб праз навуковыя даследаванні распаўсюджвалася Евангелле», — заклікаў арцыпастыр.

Слова арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча да студэнтаў з нагоды надыходзячай экзаменацыйнай пары

Мінская архікатэдра, 28 мая 2010 г.

Будзьце дасканалымі спецыялістамі

Святы апостал Пётр у першым сённяшнім чытанні нагадвае пра канец свету і пра тое, што кожнаму чалавеку трэба будзе здаць справаздачу са свайго жыцця. Экзаменацыйная сесія, якая распачынаецца ў студэнтаў, — гэта не канец свету, аднак да яе трэба падысці сур’ёзна, бо неабходна разлічыцца за мінулы навучальны год, каб перайсці на наступны курс або паспяхова скончыць установу.

Дзякую студэнтам за запрашэнне памаліцца разам перад экзаменамі. Гэта знак таго, што вы адчуваеце патрэбу ў Божай дапамозе; знак таго, што для гарманічнага развіцця чалавека патрэбны не толькі веды, але і Божая ласка.

У сувязі з гэтым трэба падкрэсліць, што сучасны свет перажывае крызіс адносінаў паміж верай і навукай. Нярэдка можна пачуць, што тэалогія не з’яўляецца навукай, бо існаванне Бога нельга даказаць тэарэтычна ці эксперыментальна. Забываецца пры гэтым, што існуе не толькі бачны свет, гэта значыць свет фізікі. Існуе яшчэ і свет метафізікі — свет, які знаходзіцца па-за фізічным, матэрыяльным светам.

Трэба з усёй моцай падкрэсліць, што інфармацыю пра Бога перш за ўсё дае Святое Пісанне. Мы верым у гэта, таму што так аб’явіў Бог. Калі б Бог быў аб’ектам матэрыяльнага навуковага даследавання, то Ён не быў бы Богам. Езус кажа: Бога ніхто і ніколі не бачыў, толькі Сын Божы яго аб’явіў. Сапраўды, у Езусе Хрысце людзям аб’явіўся Бог з чалавечым сэрцам і тварам.

Касцёл заўсёды імкнуўся развіваць навуку і культуру. Першы ў свеце універсітэт быў заснаваны Каталіцкім Касцёлам у Балоньі (Італія). Менавіта таму сёння ва ўсім свеце ўводзіцца адзіная для ўсіх універсітэтаў балонская сістэма навучання.

У наш час Касцёл таксама ўключаецца ў гэты працэс. Ён асабліва клапоціцца пра тое, каб навуковыя даследаванні і іх выкарыстанне адпавядалі маральным нормам. У апошнія часы многа палемікі вядзецца пра выкарыстанне ствалавых клетак. І вось зусім нядаўна Каталіцкі Касцёл пачаў прымаць удзел у іх даследаванні.

Мы добра ведаем, што нягледзячы на высокі ўзровень развіцця навукі, яна не можа адказаць на ўсе пытанні. Вырашэнне адной праблемы нараджае новую. Таму неабходна разумнае супрацоўніцтва паміж верай і навукай. Яны павінны быць тымі двума крыламі, на якіх чалавечы дух узносіцца да пазнання праўды, — як навучаў Вялікі Папа Ян Павел II.

Пазнаючы праўды фізічнага свету і развіваючы навуку, трэба браць пад увагу і навучанне Касцёла. Неабходна імкнуцца і да інтэгральнай чалавечай фармацыі. Ва універсітэце моладзь таксама праходзіць працэс выхавання. Трэба памятаць, што выхаванне — гэта не толькі перадаванне ведаў, але і фармацыя да жыцця, каб малады чалавек, ад якога залежыць будучыня Касцёла і свету, не быў чалавекам з натоўпу, але тым, хто мае сваю пазіцыю і плыве супраць цячэння, каб згодна з Евангеллем адказваць на выклікі часу.

Хрыстус быў Богам і адначасова дасканалым чалавекам.

Таму, дарагія студэнты, імкніцеся да дасканаласці ў той галіне навукі, якую вы сабе выбралі, і адначасова, жывучы вераю, станавіцеся Божымі сведкамі, каб праз навуковыя даследаванні распаўсюджвалася Евангелле. Амэн.

catholic.by