Мітрапаліт Кандрусевіч: ліберальны закон аб абортах – генацыд народа

«… Ліберальны закон аб абортах з’яўляецца ні чым іншым, як легальным генацыдам народа. Вялікую маральную небяспеку нясе і прыняты ў першым чытанні закон аб рэпрадуктыўным здароўі, які дазваляе штучнае запладненне і гэтым самым супярэчыць закону Божаму і годнасці чалавечай асобы», — нагадаў у гаміліі ва ўрачыстаць Маці Божай Тракельскай Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

Апошнія два тыдні ў жыцці Каталіцкага Касцёла ў Беларусі адзначыліся дзвюма значнымі ўрачыстацямі: будслаўскім і тракельскім фэстамі, падчас якіх каталіцкая супольнасць нашай краіны аддавала пашану Найсвяцейшай Панне Марыі.

Традыцыйна ў гэтых адпустах бяруць удзел тысячы вернікаў. Сёлетні будслаўскі фэст сабраў самую большую за апошнія гады колькасць вернікаў. Шмат людзей прыбыла і на тракельскі фэст. Нягледзячы на дажджы, прыйшла і вялікая колькасць пілігрымаў.

Галоўную св. Імшу 9 ліпеня ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У сваёй гаміліі, абапіраючыся на фрагмент з Евангелля пра адведзіны Марыяй св. Альжбеты, іерарх падкрэсліў, што, “прыняўшы Божую волю падчас Звеставання, Марыя прыняла Збаўцу, сэрца якога пачало біцца пад яе сэрцам». «Будучы слугой Божай, яна хацела быць і слугой бліжняга, таму паспяшыла да дому Альжбеты і Захарыі. Такім чынам, дзякуючы згодзе Марыі з Божай воляй і яе любові да бліжняга праявілася Божая міласэрнасць”, — дадаў арцыбіскуп Кандрусевіч і заклікаў памятаць аб гэтым асабліва ў год Божай Міласэрнасці — адзінай надзеі свету.

Арцыпастыр нагадаў, што нашае пакаленне стала сведкам цуду атрымання свабоды веравызнання – дару, які трэба шанаваць. Дар свабоды веравызнання, як падкрэсліў, — гэта адначасова і адказнае заданне асабліва ў час адыходу ад Божага права і маральных каштоўнасцяў.

Асноўную частку гаміліі арцыбіскуп прысвяціў праблемам сям’і. Пераважная большасць сужэнскіх саюзаў, як адзначыў іерарх, сёння перажывае крызіс. «Расце колькасць разводаў і абортаў. У многіх краінах свету прымаюцца законы, дазваляючыя гомасексуальныя саюзы. Моладзь абагаўляе неўпарадкаванае і нязгоднае з Божым правам сексуальнае жыццё», — адзначыў Мітрапаліт Кандрусевіч.
«Дзяржава нямала робіць у справе матэрыяльнай падтрымкі сям’і, — працягваў іерарх. — Аднак практыка паказвае, што гэтага не дастаткова, і Беларусь, як і многія краіны цывілізаванага свету, перажывае дэмаграфічны крызыс. Ліберальны закон аб абортах з’яўляецца ні чым іншым, як легальным генацыдам народа. Вялікую маральную небяспеку нясе і прыняты ў першым чытанні закон аб рэпрадуктыўным здароўі, які дазваляе штучнае запладненне і гэтым самым супярэчыць закону Божаму і годнасці чалавечай асобы».

Сям’я – як галоўная клетка кожага рамадства – патрабуе лячэння. «І вылячыць яе можна толькі жывучы паводле маральных нормаў, якія не абмяжоўваюць свабоды чалавека, але даюць яму магчымасць жыць свабодаю дзяцей Божых, так, як жыла Марыя. Тракельская Божая Маці з’яўляецца апякункай нашых сем’яў, якія перажываюць глыбокі крызіс», — дадаў арцыпастыр.

Напрыканцы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі і Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі заклікаў вернікаў браць прыклад з Марыі, якая на ўзбураным моры сучаснасці з’яўляецца маяком, які паказвае шлях да шчасця. Іерарх таксама заклікаў “згаджацца з Божай воляй, бо тады Бог будзе жыць у нашых сэрцах і мы будзем абагаўлёнымі; несці Бога іншым перадусім праз служэнне ім і праз хрысціянскае сведчанне; бараніць устаноўлены Богам інстытут сям’і як адзіны і непарыўны саюз мужчыны і жанчыны, бараніць Божы дар жыцця, як найвышэйшую каштоўнасць. Калі Беларусь хоча быць вялікай, то найперш павінна бараніць жыццё!”

На заканчэнне ўрачыстай літургіі арцыпастыр выказаў сваю глыбокую заклапочанасць сітуацыяй, якая складваецца ў беларускім грамадстве. Іерарх заклікаў усе зацікаўленыя бакі да дыялога і ўзаемнай павагі, каб супольна на прынцыпах Евангелля шукаць выхад з сітуацыі, якая ўсё больш абвастраецца.

catholic.by

Добавить комментарий