Мітрапаліт Кандрусевіч аб 61-й Генеральнай асамблеі епіскапату Італіі

З 24 па 28 мая 2010 г. у Апостальскай Сталіцы адбывалася 61-я Генеральная асамблея епіскапату Італіі. Галоўнай мэтай пасяджэння стала распрацоўка і зацвярджэнне кірункаў пастырскай дзейнасці на 2010–2020 гг. у галіне каталіцкага выхавання. Канферэнцыю Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі сёлета на асамблеі прадстаўляў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Італіі па традыцыі запрашае на свае Генеральныя асамблеі прадстаўнікоў епіскапатаў Еўропы. Такія сустрэчы выхоўваюць салідарнасць і калегіяльнасць, а таксама даюць магчымасць падзякаваць за дапамогу і наведаць ватыканскія ведамствы.

Пасля доўгіх і вострых дыскусій, пасля працы ў групах, як паведаміў беларускі іерарх, італьянскія біскупы прынялі наступныя кірункі выхаваўчай дзейнасці Касцёла ў Італіі:
падтрымліваць і паглыбляць выхаваўчую дзейнасць Касцёла ў Італіі;
імкнуцца не падзяляць, але аб’ядноўваць чалавечую фармацыю з хрысціянскай, заўсёды маючы перад вачыма Хрыста, «Сына Божага і дасканалага Чалавека»;
выхаванне і фармацыя павінны быць непадзельнымі на шляху ўзрастання чалавечай асобы;
выхаванне — заданне, якое павінна быць укаранено ў місіі Касцёла, — з’яўляецца прыярытэтным у сферы евангелізацыі;
у цэнтры працэсу выхавання павінен быць Хрыстус як адзін і адзіны Настаўнік, а ўсе іншыя як Яго вучні;
каталіцкае выхаванне, застаючыся хрысціянскім, павінна быць адкрытае на іншыя тыпы выхавання, арыентаваныя на новыя пакаленні;
пастаяннае дасканаленне праграм і метадаў выхавання.

Перад абліччам крызісу выхавання італьянскія біскупы заахвочваюць сям’ю ўдзяляць большую ўвагу выхаванню дзяцей і моладзі. Кірункі пастырскай дзейнасці ў галіне выхавання, як было адзначана біскупамі Італіі, павінны быць арыентаваны на рэалізацыю формулы Тэртуліяна: хрысціянамі не нараджаюцца, а становяцца (Fiunt, non nascitur Christiani).

З удзельнікамі пасяджэння 27 мая сустрэўся Святы Айцец Бэнэдыкт XVI. Пантыфік выказаў неабходнасць асабліва ў сённяшні час, адзначаны дэхрысціянізацыяй, выхоўваць маладое пакаленне на аснове хрысціянскіх каштоўнасцяў.

У межах візіту ў Рым Мітрапаліт Кандрусевіч уручыў Пантыфіку сігнальны экземпляр Кампендыя Катэхізіса Каталіцкага Касцёла на беларускай мове. Пры гэтым Святы Айцец выказаў радасць з выдання гэтай кнігі веры на беларускай мове. Варта адзначыць, што дадзены Кампендый стане базай для стварэння іншых кніг па евангелізацыі на беларускай мове.

catholic.by