Ксёндз Андрэй Рылка аб Законе аб рэпрадуктыўных тэхналогіях

Вялікую занепакоенасць экспертаў выклікала нядаўняе прыняцце парламентам Беларусі праекта Закона «Аб дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогіях і гарантыях правоў грамадзян пры іх ужыванні». Пасля публікацыі законапраекта сваю занепакоенасць выказалі ў першую чаргу прадстаўнікі хрысціянскіх канфесій. Між іншым, з афіцыйнай заявай на гэтую тэму выступіў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

У медыйнай прасторы пачала разгарацца дыскусія паміж крытыкамі і абаронцамі дадзенага законапраекта. Яскравым прыкладам дыскусіі аб легалізацыі рэпрадуктыўных тэхналогій у Беларусі стаў аналітычны артыкул протаіерэя Георгія Роя «Жыццё — гэта падарунак Божы», апублікаваны ў газеце «Звязда». Протаіерэй паддаў грунтоўнай крытыцы законапраект, указваючы на яго супярэчнасці і драматычныя сацыяльныя наступствы. Спробай крытычнага адказу на артыкул протаіерэя стаў допіс С. Свістуновіча «Жыццё ідзе сваім шляхам». Зыходзячы з артыкула а. Георгія, сп. Свістуновіч абрынуўся з асуджэннем хрысціянскай пазіцыі ў дадзенай справе.

Дастаткова параўнаць аргументы а. Георгія і сп. Свістуновіча, каб заўважыць маніпуляцыйны характар «контраргументаў» апошняга. Журналіст выступіў супраць тэолага з аргументамі, не звязанымі з прадметам дыскусіі. Калі протаіерэй гаворыць пра рэпрадуктыўныя тэхналогіі, то сп. Свістуновіч — пра недахопы прадстаўнікоў Царквы. Чарговы слабы момант выказванняў журналіста — гэта яго неадэкватнае разуменне пазіцыі Царквы, павярхоўная інтэрпрэтацыя хрысціянскай веры і маралі. Прыкладам гэтага можа быць выкарыстанне сп. Свістуновічам сімвалічнага аповеду пра дзяцей Адама і Евы як аргумент, што варта не баяцца кровазмяшання паміж родзічамі, якое настане ў выніку стасавання ананімнага донарства генетычных матэрыялаў.

Аднак жа сутнасць сваёй крытыкі сп. Свістуновіч звёў да закліку адкінуць этычны аналіз рэпрадуктыўных тэхналогій. Зыходзячы з таго, што існуюць розныя погляды на праблему, журналіст называе разумны этычны падыход да справы «крывадушніцтвам» і «ханжанствам». Чаму? Бо, паводле сп. Свістуновіча, хрысціянскія этычныя заклікі часта застаюцца толькі на словах і парушаюцца тымі ж хрысціянамі. Як прыклад, аўтар даводзіць, што духавенства бярэ грошы за набажэнствы. Па-першае, варта заўважыць недарэчнасць самога параўнання. Існуе вялікая розніца паміж неабавязковымі ахвяраваннямі вернікаў за малітву і патрабаваннем (зацверджаным дзяржавай) аплаты за біямедычныя эксперыменты над людзьмі. А па-другое, незахаванне маральных нормаў некаторымі прадстаўнікамі Царквы, не азначае, што гэтыя паводзіны лічацца добрымі. Зло будзе заўсёды злом. Гэта не залежыць ад колькасці злачынцаў і злачынстваў.

Здаецца, аўтар крытыкі хрысціянскай пазіцыі таксама не жадае зразумець, што колькасць ніколі не пераходзіць у якасць. Супраць этычнага падыходу да рэпрадуктыўных тэхналогій журналіст прыводзіць менавіта колькасны аргумент: шмат краін свету прыняло амаральны падыход у легалізацыі гэтых тэхналогій. Але тое, што шмат краін прыняло дрэнны шлях вырашэння праблемы, не робіць гэты шлях добрым.

Баронячы пазіцыю беларускага законапраекта, сп. Свістуновіч прызнае і ўхваляе яго амаральнасць, падсумоўваючы выразам: «цынічна, але ясна». Складваецца ўражанне, што аўтар згаджаецца на паўсюдны цынізм, крывадушнасць. Бо калі ён заклікае адкінуць мараль, то застанецца амаральнасць. Здаецца, аўтар не падазрае, якія будуць сацыяльныя наступствы ўзвядзення амаральнасці на заканадаўчы ўзровень. Варта, між іншым, нагадаць, што само выкананне законаў — гэта ўжо мараль. Адкідванне маралі — гэта адкідванне нормаў. Прыняцце нормы, якая разбурае нормы — абсурд. Прыняцце законаў, якія легалізуюць амаральнасць і дазваляюць знішчэнне жыцця і годнасці чалавека, прывядзе ў выніку да самазнішчэння грамадства. Варта было б сп. Свістуновічу не забываць, што гэта не вузкаканфесійны погляд нейкіх святароў, але навукова абгрунтаваная пазіцыя. А этычныя наступствы няправільнага вырашэння праблемы прывядуць да катастрафічных вынікаў у жыцці паасобных людзей і цэлых грамадстваў.

На заканчэнне належыць прызнаць рацыю сп. Свістуновіча ў тым, што ў нашай краіне наспела неабходнасць заканадаўчага ўрэгулявання праблемы рэпрадуктыўных тэхналогій. Аднак хочацца заўважыць, што не варта слепа капіраваць памылковыя законы суседзяў, але добра прааналізаваць сацыяльныя наступствы іх прыняцця і дастасавання. Варта вучыцца на вопыце іншых. Жахлівыя факты гавораць самі за сябе. Легалізацыя і камерцыялізацыя ў галіне чалавечага жыцця, гандаль эмбрыёнамі, дзецьмі, чалавечым целам прыводзіць да пашырэння межаў дазволенага. У выніку вяртаецца нацысцкая яўгеніка (селекцыя людзей), эўтаназія (забойства непажаданых). І гэта не прагноз, а рэальнасць краін, якія адмовіліся ад этыкі ў медыцыне, навуцы і заканадаўстве. Ці варта Беларусі ісці тым жа шляхам самагубства? Адказ, здаецца, відавочны. Застаецца толькі пажадаць нашаму грамадству цвярозага мыслення і ўзважанага выбару.

catholic.by

Добавить комментарий