Кардынал Франчэско Коккапальмэрыё, старшыня Папскай рады па інтэрпрэтацыі заканадаўчых тэкстаў, узначаліць Імшу ў мінскай архікатэдры

Кардынал Франчэско Коккапальмэрыё, старшыня Папскай рады па інтэрпрэтацыі заканадаўчых тэкстаў, узначаліць Імшу ў мінскай архікатэдрыУ канферэнцыі «Хрысціянская антрапалогія перад выклікам сучаснасці», якая праходзіць у Мінску з 17 па 19 лістапада, прыме ўдзел старшыня Папскай рады па інтэрпрэтацыі заканадаўчых тэкстаў кардынал Франчэско Коккапальмэрыё, які паўнамоцна прадстаўляе Папскую раду спрыяння хрысціянскаму адзінству. 19 лістапада кардынал узначаліць Імшу ў мінскім архікатэдральным касцёле.

Імша пачнецца ў 18.30.

Да ўдзелу ў літургіі запрашаецца духавенства, кансэкраваныя асобы і вернікі.

Міжнародная міжканфесійная канферэнцыя «Хрысціянская антрапалогія перад выклікам сучаснасці» арганізавана Інстытутам рэлігійнага дыялога і міжканфесійных камунікацый пры Сінодзе Беларускай Праваслаўнай Царквы, Папскай радай спрыяння хрысціянскаму адзінству, міжнародным грамадскім аб’яднаннем «Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых Мятода і Кірыла». Яна з’яўляецца восьмай па ліку ў серыі міжканфесійных і міжрэлігійных форумаў, якія праводзяць у Беларусі сумесна праваслаўныя і каталіцкія арганізацыі.

Кардынал Коккапальмэрыё выступіць на канферэнцыі 19 лістапада.

Па паведамленні Catholic.by