Беларускай секцыі Ватыканскага радыё 60 год

Радио Ватикана

У 1931 г. папам Піем XI было заснавана Ватыканскае радыё. Такім чынам праз сродкі масавай інфармацыі загучаў голас Касцёла. Сёння праграмы Ватыканскага радыё перадаюцца на 47 мовах свету. У 1950 г. была заснавана і беларуская секцыя. Пра гісторыю і дзейнасць Ватыканскага радыё і беларускай секцыі ў прыватнасці чытайце ў інтэрв’ю з Янам Мойсікам, супрацоўнікам беларускай рэдакцыі.


— Спадар Ян, за гэтыя 60 год у Касцёле адбыліся пэўныя змены, якія з сабою прыносіў час. Як жа ўсё пачыналася? Хто стаяў ля вытокаў заснавання беларускай секцыі на адной са старэйшых радыёстанцый?

— Напачатку скажу, што Ватыканская радыёстанцыя была заснавана вынаходцам радыё італьянцам Гульельмо Марконі. Урачыстае яе адкрыццё, якое здзейсніў папа Пій ХІ, адбылося 12 лютага 1931 года.

Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё мае даволі працяглую гісторыю. Мінула ўжо 60 гадоў. І тут трэба падкрэсліць, што гэта адна з найстарэйшых беларускіх радыёстанцый па-за межамі Беларусі. Калі ініцыятыўная група беларусаў — а. Татарыновіч, а. Гарошка, а. Сіповіч (пазнейшы біскуп), а таксама інжынер Рыдлеўскі — распачалі старанні ў Ватыкане, каб і беларускі голас загучаў на Ватыканскім радыё, папа Пій ХІІ ласкава згадзіўся з просьбай нашый хадайнікаў, і 6 студзеня 1950 г. беларуская праграма Радыё Ватыкана пачала рэгулярна перадаваць свае праграмы. Яе першы кіраўнік а. Пётр Татарыновіч піша ў першым нумары свайго часопіса «Зніч», які выйшаў з друку праз некалькі месяцаў пасля пачатку вяшчання нашай праграмы: «Браты-беларусы, ваша мова дачакалася надзвычайнага прызнання. Вы можаце яе чуць кожную пятніцу ў 18.30, слухаючы ватыканскія радыёперадачы на кароткіх хвалях». Так, ужо больш за паўстагоддзя на хвалях Ватыканскага радыё гучыць беларуская мова, несучы інфармацыю з жыцця і дзейнасці Папы, Святой Сталіцы і лакальных Касцёлаў з розных куткоў свету.

— Якія мэты і задачы ставілі перад сабою ініцыятары? Як выглядала вяшчанне на беларускай мове на пачатковым этапе?

— Мэты Ватыканскага радыё вельмі добра акрэсліў папа Ян Павел ІІ, калі сустрэўся з працаўнікамі нашага радыё 5 лютага 1980 года. «Вашым заданнем з’яўляецца тое, — звярнуўся Папа да ўсіх нас, — каб зрабіць чутным біццё сэрца Касцёла ва ўсіх частках свету і старацца ўмацоўваць сувязь лакальных Касцёлаў, асабліва тых, якім даводзіцца існаваць у краінах, дзе няма рэлігійнай свабоды (што было тады ў Беларусі), з Пасадам Пятра і паміж сабою. З асабістага вопыту ведаю, — сказаў Папа Вайтыла, — што значыць голас Ватыканскага радыё для тых вернікаў, якія чакаюць ад яго ўмацавання ў веры і падтрымкі надзеі».

Айцец Татарыновіч на працягу 20 гадоў, а затым — а. Гарошка і а. Тамушанскі нямала паспрыялі ўмацаванню рэдакцыі, куды ўклалі шмат старанняў і працы, каб на хвалях нашага радыё гучалі словы Божай праўды, хрысціянскай навукі і неабходныя весткі з беларускага і сусветнага рэлігійнага і свецкага жыцця. Беручы пад увагу тагачаснае становішча Касцёла ў Беларусі, а асабліва недахоп святароў, перадачы Ватыканскага радыё напачатку набывалі асаблівае значэнне. Для многіх гэта быў бадай адзіны спосаб атрымаць нейкія рэлігійныя веды. Пра гэта, напрыклад, нам з удзячнасцю расказаў біскуп Казімір Велікаселец падчас нядаўняга прабывання ў Рыме ў складзе Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі з візітам ad limina у Папы Рымскага. Тут трэба звярнуць увагу яшчэ і на тое, што спачатку праграмы не выходзілі штодня, а толькі тры разы на тыдзень. Дакладна не памятаю, у якія дні і на якіх хвалях яны перадаваліся, але былі толькі тры разы на тыдзень і па 15 хвілін.

— Ці можна вылучыць пэўныя перыяды ў існаванні беларускай секцыі? Калі так, то што іх азнаменавала?

— На маю думку, можна вылучыць два перыяды: першы — да 1989 года і другі — пасля падзення Берлінскага муру. У першым перыядзе, да 1989 года, нашыя праграмы служылі падтрымцы ў Беларусі касцёльных супольнасцяў, якія пераследаваліся камуністычным рэжымам. Тады мы большую частку свайго часу ў эфіры прысвячалі праграмам рэлігійнага зместу. Напрыклад, навучанню праўдам веры, гутаркам на рэлігійныя і маральныя тэмы, літургічным тэкстам, тлумачэнню Евангелля і г.д. Адначасова па магчымасці перадаваліся праграмы на культурныя тэмы з асаблівай увагай на хрысціянскія карані беларускай культуры. Да 1989 года, можна сказаць, нашае служэнне было аднабаковым — Радыё Ватыкана для Беларусі. Да гэтага года мы практычна не мелі ніякіх кантактаў з Беларуссю. Мала таго, перадачы заглушаліся. На сённяшні дзень наша праграма мае карэспандэнтаў у Мінску, Гродне, якія паведамляюць аб розных падзеях як у рэлігійным, так і ў грамадскім жыцці ў Беларусі. Каталіцкія біскупы ці святары, нават і сам кардынал Казімір Свёнтэк, калі знаходзяцца з візітам у Рыме, як мы нагадалі раней, з прыемнасцю прыходзяць да нас, даюць інтэрв’ю, дзеляцца навінамі. Кожны біскуп, згодна з Кананічным правам Каталіцкага Касцёла, кожныя пяць гадоў павінен здзяйсняць у Ватыкан так званы візіт да Апостальскіх парогаў. І беларускія біскупы тут не выключэнне.

У абавязак супрацоўнікаў беларускай праграмы ўваходзіць таксама і пераклад розных папскіх дакументаў і зваротаў на беларускую мову. Тут трэба падкрэсліць, што Ватыкан ставіцца да беларускасці вельмі сур’ёзна. Напрыклад, усе найважнейшыя афіцыйныя звароты Папы да беларускіх біскупаў і наадварот друкуюцца штодзённай ватыканскай газетай L’Osservatore Romano менавіта па-беларуску з перакладам на італьянскую мову.

Цяперашнія нашы штодзённыя праграмы перадаюцца вечарам у 20.00 па беларускім часе на кароткіх і сярэдніх хвалях і паўтараюцца раніцай наступнага дня ў 6.20 па беларускім часе.

— Як выглядае праца беларускай секцыі сёння? У чым яе адметнасць у параўнанні з іншымі 46-ю моўнымі секцыямі? Што прапануе яна слухачам, а з узнікненнем інтэрнэт-версіі і чытачам?

— Сённяшняя праца выглядае так жа, як і раней. Мы прапануем слухачам, якія, дарэчы, жывуць не толькі ў Беларусі, але і ў шматлікіх іншых краінах, і пры гэтым не заўсёды з’яўляюцца беларусамі, але цікавяцца беларускай мовай і культурай, весткі аб дзейнасці Святога Айца, з рэлігійнага жыцця сусветнага Касцёла. Цяпер асаблівая ўвага надаецца біяэтыцы, экалогіі чалавека і прыроды, стварэнняў Божых. Акрамя таго, мы маем штотыднёвыя рубрыкі адносна духоўнасці, хрысціянскай культуры, гісторыі, этыкі, сям’і, гісторыі Царквы ў Беларусі, аб долі сведкаў веры. Наша праграма з павагай ставіцца да розных рэлігій, аддаючы, безумоўна, перавагу хрысціянству. Мы імкнёмся аб’ектыўна адлюстроўваць рэлігійна-грамадскае жыццё ўсіх хрысціянскіх канфесій Беларусі: рыма-католікаў, грэка-католікаў, праваслаўных і пратэстантаў. Мы робім інтэрв’ю як з праваслаўнымі, так і з католікамі ці з грэка-католікамі. Беларуская праграма не падзяляе беларусаў па іх веравызнанні. Мы адкрытыя для таго, каб даваць слова розным людзям, якія з’яўляюцца носьбітамі і прыхільнікамі беларускай ідэі.

У параўнанні з іншымі моўнымі секцыямі, нас, зразумела, адрознівае беларуская накіраванасць. Доступ да крыніц агульнай інфармацыі службы тэле-радыё Ватыкана мы маем аднолькавы з усімі праграмамі радыё. Няма ніякай закрытасці ў карыстанні імі. Яшчэ раз хачу падкрэсліць, што мы ўсе тут роўныя. Змест жа нашых праграм быў ужо прадстаўлены вышэй.

Адносна інтэрнэт-старонкі я не магу сказаць нічога новага. Яна з’явілася прыкладна 5 гадоў таму. Тэксты змяшчаем самі. У нас няма карэктараў, камп’ютэршчыкаў, стыль-рэдактараў. І тут часта могуць узнікаць розныя праблемы. Дагэтуль мы карысталіся «тарашкевіцай» і дзяржаўнай мовай, але пасля нядаўняга візіту ad limina Біскупаў Беларусі, па іх просьбе мы поўнасцю перайшлі на дзяржаўны правапіс. Ацэнку зместу нашых праграм пакідаем слухачам і чытачам.

— Пазнаёмце, калі ласка, нашых наведвальнікаў з калектывам беларускай версіі Ватыканскага радыё. Адразу ж хочацца запытацца, кім з’яўляецца супрацоўнік каталіцкіх мас-медыя, якімі якасцямі павінен валодаць і якімі прынцыпамі кіравацца?

— Наш калектыў складаецца з трох чалавек: кіраўнік а. Клод Рабінэ SI з Бельгіі, Алена Мартынская з Мінска і я, Янка Мойсік з Беласточчыны. Працаўнік нашага радыё павінен перш за ўсё быць хрысціянінам, добра валодаць роднай мовай, у нашым выпадку — беларускай, павінен таксама добра ведаць замежную, асабліва італьянскую, мову, павінен прытрымлівацца правілаў, законаў, якія рэгулююць адносіны да працы і паміж сабою, для святароў і свецкіх супрацоўнікаў. Гэты шэраг правіл і законаў, безумоўна, можна пашырыць.

— Ватыканскае радыё з’яўляецца цэнтрам калатіцкага вяшчання і стварае своеасаблівы кантакт з Касцёламі ў іншых краінах. Вы ствараеце гэты кантакт з Беларуссю, знаходзячыся непасрэдна ў Апостальскай Сталіцы. Што з’яўляецца крыніцай навінаў з Беларусі?

— Крыніцаю навінаў на сённяшні дзень з’яўляюцца 40 інфармацыйных каталіцкіх і свецкіх агенцтваў свету. Мы вельмі ўдзячныя кс. Аляксандру Амяльчэню за дапамогу і добрыя парады. Зразумела, мы карыстаемся і сайтам Catholic.by. У Мінску ў нас ёсць карэспандэт Алеся Унукоўская, мы атрымліваем прапанову некаторых слухачоў, як напрыклад, Юрася Сцяпанава з Віцебска, які стварыў сваё аматарскае радыё, а таксама атрымліваем карэспандэнцыі ад слухачкі з Віцебска Людмілы Ярмолавай.

— Ці бачыце Вы перспектыву ў развіцці супрацоўніцтва з беларускімі дзяржаўнымі СМІ? Напрыклад, ці магчыма ў бліжэйшай будучыні вяшчанне вашых праграм у эфіры беларускай радыёстанцыі?

— Аб развіцці супрацоўніцтва з беларускімі дзяржаўнымі сродкамі масавай інфармацыі гаворка вялася ўжо даволі даўно, калі Апостальскім нунцыем у Беларусі быў арцыбіскуп Агостыно Маркетто. Пасля выезду іерарха гэта справа проста прыціхла. Наступныя нунцыі, думаю, не цікавіліся гэтым. Тое, ці мы будзем у эфіры беларускай радыёстанцыі, залежыць толькі і выключна ад касцёльных уладаў Беларусі. Ватыкан не супраць гэтага. Наадварот, быў бы вельмі задаволены, каб нашыя праграмы ішлі ў эфіры дзяржаўнага радыё, што маюць многія праграмы Ватыканскага радыё ў краінах вяшчання, асабліва ў Еўропе. Часта лакальныя журналісты маюць тыднёвы расклад перадач калег з Ватыкана.

— Якім Вы бачыце супрацоўніцтва з беларускімі каталіцкімі СМІ сёння і якія пажаданні можаце выказаць на будучыню?

— Супрацоўніцтва даволі сціплае. Атрымаліваем матэрыялы толькі ад кс. Аляксандра Амяльчэні. Магчыма, тут ёсць і нашая віна. Думаю, што ў будучыні нашы адносіны будуць больш шырокімі.

— Ці плануецца рэалізацыя новых праектаў на беларускай версіі Ватыканскага радыё?

— Мы працуем на радыё Папы Рымскага. Нашым заданнем — і гэта галоўнае — з’яўляецца перадаванне вестак аб дзейснасці Святога Айца і Каталіцкага Касцёла ў горадзе Рыме і ў свеце. Калі застаецца свабодны час, мы можам змяшчаць і іншыя матэрыялы, галоўным чынам з хрысціянскага жыцця. Магчыма, вы, чытачы або слухачы, нешта нам падкажаце. Будзем вельмі рады гэтаму ў час інтэрактыўнага перыяду ўсіх сродкаў масавай інфармацыі. Ведаю, што тут могуць быць вялікія недахопы. Калі трэба будзе штосьці больш пашырыць, калі ласка, дайце знаць.

— Дзякуем за размову і жадаем плённай і цікавай працы!

catholic.by