Асвячэнне капліцы ў гродзенскай бальніцы

16 красавіка 2010 г. група клерыкаў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне разам з прэфектам установы кс. Міхалам Ластоўскім прынялі ўдзел ва ўрачыстым асвячэнні першай капліцы ў гродзенскай бальніцы. Асвячэнне капліцы і цэлебрацыю першай святой Імшы ў капліцы ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Новаствораная капліца мае тытул «Святых Космы і Дам’яна», апекуноў урачоў і ўсіх хворых. Гэтыя святыя пры жыцці былі аптэкарамі, дапамагалі людзям, прыходзілі на дапамогу бедным і патрабуючым.

«Калі ў чалавека вылечыцца душа, тады лягчэй лячыць і цела!» — адзначыў падчас святой Імшы кс. Ян Кучынскі, пробашч гродзенскай парафіі Святога Францішка Ксаверыя. Таму хворыя патрабуюць не толькі лячэння цела, але перш за ўсё падтрымання добрага душэўнага стану.

Пасля літургіі біскуп Кашкевіч асвяціў бальнічныя пакоі і сустрэўся з урачамі, а хворым пажадаў хутчэйшага выздараўлення.

catholic.by