Арцыбіскуп Зімоўскі абмеркаваў у Віцебскім аблвыканкаме перспектывы супрацоўніцтва Касцёла з медыцынскімі ўстановамі

28 мая 2010 г. арцыбіскуп Зыгмунд Зімоўскі, старшыня Папскай рады пастырства работнікаў сферы аховы здароўя, у межах свайго візіту ў Беларусь з нагоды ўдзелу ў медыцынскай канферэнцыі ў Віцебску наведаў аблвыканкам, Віцебскі дзяржаўны універсітэт імя П.М. Машэрава, Віцебскую абласную клінічную бальніцу.

Сустрэча арцыбіскупа Зімоўскага з віцэ-губернатарам Віцебскай вобласці Леанідам Кавалёвым прайшла ў атмасферы прыязнасці. Ватыканскага іерарха суправаджалі біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін, кс. канцлер Раман Мурзіч. У сустрэчы таксама прымалі ўдзел начальнік упраўлення аховы здароўя аблвыканкама Юрый Дзеркач, начальнік аддзела па справах рэлігій і нацыяльнасцяў Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Нявінскі. Прысутныя абмеркавалі перспектывы супрацоўніцтва Касцёла з медыцынскімі ўстановамі вобласці па апецы за хворымі і пажылымі людзьмі. Уздымалася таксама пытанне адносна годнасці людзей сталага ўзросту, пастырскай працы з дзецьмі і моладдзю. Падчас сустрэчы арцыбіскуп Зімоўскі ўручыў Леаніду Кавалёву памятны медаль Папскай рады пастырства работнікаў сферы аховы здароўя. Віцэ-губернатар вобласці, у сваю чаргу, падарыў іерарху карціну з выявай віцебскай катэдры св. Барбары.

Затым старшыня Папскай рады накіраваўся ў Віцебскі дзяржаўны універсітэт імя П.М. Машэрава, дзе прачытаў лекцыю, а затым адказаў на шматлікія пытанні студэнтаў. Навучэнцаў установы цікавіла стаўленне Касцёла да эўтаназіі, геннай інжынерыі, кланавання. Уздымаліся таксама пытанні духоўнага характару.

catholic.by