Адбылося ўрачыстае гашэнне паштовай маркі Беларусі і Мальтыйскага Ордэна

Адбылося ўрачыстае гашэнне паштовай маркі Беларусі і Мальтыйскага Ордэна

21 чэрвеня 2010 г. выпушчана ў свет паштовая марка, прысвечаная паштоваму пагадненню паміж Беларуссю і Суверэнным Мальтыйскім Ваенным Ордэнам. Сімвалічнае гашэнне адбылося ў штаб-кватэры Беларускага таварыства сяброўства і культурных сувязяў з замежнымі краінамі.

Сярод запрошаных на мерапрыемстве прысутнічалі прадстаўнікі акрэдытаваных у Беларусі дыпламатычных місій, намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Беларусі Ніна Гаўрылава, першы намеснік міністра замежных спраў Беларусі Ігар Петрышэнка. Духавенства было прадстаўлена Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам і протаіерэем Аляксандрам Шымбалёвым.

Як адзначыў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, які з’яўляецца Манахам Капеланам Мальтыйскага Ордэна і першым яго членам у сучаснай Беларусі, «вельмі важна, што паміж Беларуссю і Мальтыйскім Ордэнам развіваюцца таварыскія адносіны. Мы ведаем дабрачынныя акцыі мальтыйскіх арганізацый, якія прыязджаюць у Беларусь з гуманітарнай дапамогай. І той факт, што з сённяшняга дня ў нас ёсць свая паштовая марка, гаворыць аб тым, што нашы адносіны развіваюцца. Патэнцыял Мальтыйскага Ордэна ў Беларусі яшчэ далёка не выкарыстаны. І я мяркую, што сённяшняя падзея — гэта новы крок да выкарыстання гэтых магчымасцяў».

«Я думаю, што гэты дзень увойдзе ў гісторыю нашага супрацоўніцтва, — адзначыў Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Суверэннага Ваеннага Мальтыйскага Ордэна ў Беларусі Пауль Фрыдрых фон Фурхер. — Практыка паказала, што ўсе заключаныя паміж намі дамовы, заўсёды выконваюцца. У далейшым плануем пашырыць наша супрацоўніцтва ў гэтай галіне: выпуск чарговай маркі, другой па ліку, адбудзецца ў Рыме ў бліжэйшыя два гады, куды будуць запрошаны прадстаўнікі „Белпошты“ і Міністэрства сувязі і інфарматызацыі».

Паштовая марка, мастацкім афармленнем якой займалася Яўгенія Бядонік, выпушчана тыражом у 40 тысяч экзэмпляраў пры падтрымцы Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Беларусі сумесна з РУП «Белпошта».

Дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Суверэнным Ваенным Мальтыйскім Ордэнам былі ўсталяваны ў 1996 годзе. Дамова аб абмене паштовымі адпраўленнямі паміж ведамствамі была падпісана ў Рыме ў красавіку 2009 г.

catholic.by