Адбылася пілігрымка пінскіх вернікаў у санктуарый Маці Божай у Лагішыне

Пілігрымка Пінск-Лагішын

У нядзелю 9 мая 2010 г. адбылася 18-я пешая пілігрымка вернікаў пінскай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Лагішын, да санктуарыя Маці Божай Каралевы Палесся. У пілігрымцы прынялі ўдзел каля сотні вернікаў, большасць з якіх складала моладзь, а таксама навучэнцы Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя святога Тамаша Аквінскага ў Пінску.

Нягледзячы на дажджлівае надвор’е, пілігрымы падчас падарожжа звярталіся з радаснымі малітвамі да Бога і спявалі на хвалу Хрыста і Найсвяцейшай Панны Марыі.

Цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы ў Лагішынскім санктуарыі ўзначаліў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец. У гаміліі іерарх звярнуў увагу на тое, што ў дзень, калі краіна святкуе 65-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, пілігрымаў таксама можна лічыць пераможцамі, бо яны здолелі перамагчы чалавечую слабасць, грэх і даць сведчанне сваёй веры. Таксама біскуп прыняў віншаванні ад пінскіх і лагішынскіх вернікаў з нагоды свайго 65-гадовага юбілею, які ён адзначаў некалькімі днямі раней.

catholic.by