23 чэрвеня адбылася прэс-канферэнцыя Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча

23 чэрвеня 2010 г. у Мітрапалітальнай курыі адбылася прэс-канферэнцыя для работнікаў Сродкаў масавай інфармацыі з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам. Падчас сустрэчы Мітрапаліт распавёў пра апошнія падзеі ў жыцці Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, а таксама падзяліўся планамі мерапрыемстваў на лета.

На пачатку сустрэчы арцыпастыр расказаў пра завяршэнне Года святарства ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Пры гэтым Мітрапаліт падкрэсліў неабходнасць няспыннай малітвы ў інтэнцыі святароў. Важнай падзеяй стала пілігрымка святароў на Святую Зямлю, дзе на месцы Апошняй Вячэры Пана беларускія душпастыры цэлебравалі літургію. Вынікам падарожжа і наведвання ерузалемскай святыні Pater Noster стане падрыхтоўка дошкі з малітвай «Ойча наш…» на беларускай мове.

Не менш важнай падзеяй за апошнія месяцы, па словах іерарха, з’яўляецца выданне Кампендыя Каталіцкага Касцёла, прэзентацыя якога адбудзецца 2 ліпеня ў Будславе. Пры гэтым Мітрапаліт адзначыў, што за апошні час былі падрыхтаваны і выдадзены падручнікі для заняткаў па катэхезе для дзяцей. Гэта, як дадаў іерарх, з’яўляецца ўкладам не толькі ў развіццё каталіцкага друку, але і ў беларускую культуру ўцэлым.

Мітрапаліт падзяліўся таксама планамі і асаблівасцямі правядзення сёлетніх урачыстасцяў у Будславе, сустрэчы моладзі ў Івянцы, а таксама Міжнароднага фестывалю «Magnificat-2010». Асаблівасцю будслаўскіх урачыстасцяў стане магчымасць адарацыі і ўшанавання рэліквій Святога Крыжа. Сёлета распачнецца таксама духоўная падрыхтоўка да 400–годдзя прабывання абраза ў будслаўскай святыні, а 2010 год пройдзе пад дэвізам «Марыя — выбраная дачка Айца Нябеснага». Наступныя два гады пройдуць пад дэвізамі «Марыя — святыня Духа Святога» і «Марыя — Маці Збаўцы». Сёлета ўпершыню плануецца арганізаваць прамую відэатрансляцыю з Будслава праз Інтэрнэт.

Кусташ Нацыянальнага санктуарыя ў Будславе а. Віктар Бурлака OFM адзначыў таксама, што ў базыліцы вядуцца вонкавыя рамонтныя работы, плануецца замена вокнаў. Да святкавання юбілею цудоўнага абраза плануецца стварэнне манаграфіі, якой займаецца Святлана Адамовіч, а таксама збор сведчанняў пра цуды, якія адбыліся ў апошні час праз заступніцтва Маці Божай Будслаўскай. Як і штогод, у Будслаў накіруюцца шмат пілігрымак, першая пешая пілігрымка ўжо сёння распачынае свой шлях з Баранавіч.

На прэс-канферэнцыі Мітрапаліт Кандрусевіч адзначыў, што падчас сімвалічнага гашэння паштовай маркі з нагоды пагаднення паміж Беларуссю і Суверэнным Мальтыйскім Ваенным Ордэнам ішла таксама размова аб стварэнні маркі ў гонар 300–гадовага юбілея прысутнасці абраза Маці Божай у Будславе.

«Хочаш быць шчаслівым? Захоўвай запаведзі» — над гэтай праўдай веры будуць разважаць маладыя людзі, якія сёлета з 30 ліпеня па 1 жніўня прыедуць у Івянец. Плануецца таксама правядзенне ў гэтым мястэчку парафіяды — мерапрыемства для хрысціянскай моладзі ў якім духоўныя практыкаванні будуць спалучацца са спартыўнымі спаборніцтвамі.

Багатым, як адзначыў Мітрапаліт, з’яўляецца гэты год на юбілеі святыняў. Ужо толькі ў Мінску іх два: 300–годдзе кансэкрацыі архікатэдральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі і 100–годдзе касцёла св. Сымона і св. Алены (Чырвоны касцёл).

У сувязі з заканчэннем працы кс. Аляксандра Амяльчэні на пасадзе выконваючага абавязкі кіраўніка партала Catholic.by і адказнага за СМІ пры ККББ Мітрапаліт Кандрусевіч ад свайго імя і ад імя ўсіх журналістаў падзякаваў святару за плённую працу ў галіне каталіцкіх СМІ і супрацоўніцтва з іншымі мас-медыя. У сваю чаргу кс. Аляксандр падзякаваў прадстаўнікам СМІ за супрацоўніцтва і выказаў спадзяванне на далейшае плённае развіццё зносінаў.

Журналістам быў прадстаўлены і новы выконваючы абавязкі кіраўніка партала Catholic.by і адказны за СМІ пры ККББ а. Аляксандр Улас OFM Conv, які распавёў прысутным асноўныя вехі сваёй біяграфіі.

Пасля афіцыйнай часткі прэс-канферэнцыі журналісты мелі магчымасць асабіста пагутарыць з Мітрапалітам і абмеркаваць пытанні і планы далейшага супрацоўніцтва.

catholic.by